Пад знакам каланіяльных падзей



100-годдзе БССР, нягледзячы на шматлікія абяцанкі прадстаўнікоў левых партый, прайшло незаўважна. Некалькі актывістаў памянялі аватаркі з адпаведным святочным надпісам, вытрыманым у чырвона-зялёныя колеры. Кажуць, у Менску некалькі чалавек узнялі сцягі БССР на адной з цэнтральных вуліц, хоць узор сцяга БССР быў распрацаваны ажно ў 1951 годзе. Афіцыйныя СМІ таксама гэтай падзеі не надавалі надта вялікай увагі. Відаць, каб лішні раз не акцэнтаваць на тым, што абвяшчэнне марыянеткавай БССР, у адрозненне ад БНР, адбывалася ў Смаленску.

Другая дата, якую, праўда, збольшага піараць расейскія СМІ – 20-годдзе Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Асноўныя канцэптуальныя палажэнні гэтага наддзяржаўнага ўтварэння ўтрымліваюцца ў так званай Дамове “Аб стварэнні саюзнай дзяржавы”, датаванай 6 снежня 1999 года. Падпісанне той дамовы было абумоўлена тагачасным станам справаў, калі лейцы кіравання “саюзнай дзяржавы” мог пераняць малады і амбіцыйны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Фактычна беларускі прэзідэнт праводзіў перадвыбарчую кампанію на тэрыторыі РФ, наведваючы на сваім самалёце расейскія рэгіёны. У гэтай дамове былі прадугледжаныя істотныя саступкі адносна беларускага суверэнітэту. Відаць, расейскі бок гатовы быў ухваліць падобнае пагадненне толькі пры такіх умовах. У прыватнасці, прадугледжвалася стварэнне агульных органаў улады, у тым ліку саюзнага парламента, судоў і ўраду, адзіны эмісійны цэнтр. У якасці афіцыйнай мовы Саюзнай дзяржавы абвяшчалася расейская. Рэалізацыя гэтай дамовы, калі прытрымлівацца літары і духу дакумента, азначае страту беларускай незалежнасці. Гэтага не адбылося ў пачатку 2000-х гадоў толькі па прычыне прыходу да ўлады “новай мятлы” ў выглядзе Уладзіміра Пуціна, якому ў першыя гады кіравання было яўна не да Беларусі. Гэты чалавек цягам некалькіх сваіх кадэнцый засяродзіўся на вырашэнні выключна ўнутраных расейскіх праблем.

Уладзімір Пуцін пачаў сваё прэзідэнцтва з “вырашэння чачэнскай праблемы”. Невядомы шырокім колам чалавек праз некалькі месяцаў атрымаў вялізарны рэйтынг даверу з боку расейскага грамадства, калі армія РФ паставіла кропку ў пытанні існавання паўнезалежнай Ічкерыі. Пазней былі прынятыя захады па спыненні дзейнасці найбольш папулярных незалежных СМІ (напрыклад, той жа тэлеканал НТВ). Наступным крокам стала адмена выбарчых пасад губернатараў. Так паўната ўлады сканцэнтравалася ў руках вузкай групы асобаў, на чале якіх стаяў былы афіцэр савецкага КДБ Уладзімір Пуцін.

Наступным этапам прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна можна лічыць “збіранне рускіх земляў”. Пунктам адліку стала анексія Крыма вясной 2014 года. Да гэтага моманту Расея, хоць і ўдзельнічала ў шэрагу вайсковых аперацый супраць былых саюзных рэспублік, але ніколі адкрыта не ішла на далучэнне новых суб’ектаў. І з гэтага моманту заўважна ўзмацніўся ціск РФ на Беларусь, які да нядаўняга часу выяўляўся ў асноўным у традыцыйных нафта-газавых спрэчках. Але выглядае на тое, што ў бліжэйшыя год-два нашую дзяржаву чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні. Эліты РФ вызначыліся са стратэгіяй у дачыненні да Беларусі, звярнуўшыся да тэксту Дамовы “Аб саюзнай дзяржаве” 1999 года. Зразумела, што ў рэаліях 2019 года гэтая дамова абсалютна страціла ўсялякую актуальнасць для беларусаў, паколькі ажыццяўленне нават некаторых пунктаў вядзе да прамой страты дзяржаўнасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ