Падарункі з каланіяльным падтэкстам



Доранаму каню ў зубы не глядзяць. Гэтая народная мудрасць звычайна пацвярджаецца жыццём, калі, праўда, конь не траянскі. Магілёўскія ўлады атрымалі падарунак ад расейскай грамадскай арганізацыі з красамоўнай назвай „Алея расейскай славы”. Цяпер дзякуючы шчодрым расейскім мецэнатам у беларускім Магілёве на аднаго Пушкіна стала болей. Шчыра кажучы, не ведаю нават і прыблізна статыстыку адносна колькасці Пушкіных у Магілёве, але не сумняюся, што Купалаў і Багдановічаў разам узятых тамака ў некалькі разоў менш.

Здавалася б, ну падаравалі расейцы бюст свайго галоўнага паэта беларусам. Чаму б і не? Добра, што не статую якога-небудзь Аляксандра Праханава ці Захара Прылепіна. Але не ўсё так проста з тым Пушкіным. На п’едэстале помніка паэту, усталяванага ля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа, нейкім дзіўным чынам аказаліся радкі з сервільнай оды „Паклёпнікам Расеі”. Гэты скандальны верш класік расейскай паэзіі Пушкін накрэмзаў з нагоды задушэння вызвольнага паўстання 1830-1831 гг., якое адбывалася на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, акупаванай тагачаснымі зялёнымі чалавечкамі. Тады ўвесь прагрэсіўны свет трымаў кулакі за свабодалюбных змагароў з расейскім царызмам. Але толькі не Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Ён якраз падтрымаў з захапленнем разгром паўстання і акупацыю Варшавы. Дарэчы, гэты пафасны верш „Паклёпнікам Расеі” асудзілі нават блізкія сябры паэта. Пётр Вяземскі, напрыклад, прыдумаў з гэтай нагоды спецыяльны тэрмін „шынельная паэзія”, якая абазначала вернападданіцкія вершыкі. А Адам Міцкевіч увогуле назваў Пушкіна здраднікам ідэалаў свабоды, прысвяціўшы яму верш „Рускім сябрам”.

Дапусцім, магілёўскія ідэолагі ў гімназіях не навучаліся, не могуць адрозніць оду ад санета, кларнет – ад багета. Таму і далі зялёнае святло ўсталяванню помніка. Але хутчэй за ўсё справа ў іншым. Для некаторых таварышаў чвэрць стагоддзя незалежнай Беларусі нічога не значыць. Яны толькі спяць і бачаць, як незразумелы казус пад назвай РБ заменіцца звыклым Паўночна-Заходнім краем. Вось і працуюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ