“Падвойная акупацыя” ці беларускі таталітарызм?



Пасля задушэння дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе з тэрыторыі краіны выехалі дзясяткі тысяч ініцыятыўных грамадзянаў, якія не маглі далей жыць у атмасферы тэрору і далейшага згортвання правоў і свабодаў. Паводле самых песімістычных падлікаў, колькасць эмігрантаў можа дасягаць нават паўмільёна чалавек. Для сярэдняй еўрапейскай краіны з насельніцтвам ў няпоўныя дзевяць з паловай мільёнаў такі паказнік — вельмі трывожная тэндэнцыя. Акрамя негатыўных эканамічных і дэмаграфічных наступстваў для дзяржавы, якая раскідваецца маладым і працаздольным насельніцтвам налева і направа, ёсць таксама адмоўны ўплыў і на палітычную сітуацыю. Відавочна, адной з задач маштабных рэпрэсій, якія абрынуліся на беларускае грамадства пасля 2020 году, было выцісканне з тэрыторыі краіны самых амбіцыйных і палітычна актыўных грамадзянаў. Гэтая стратэгія ўладаахоўнікаў у нейкім сэнсе прынесла часовы эфект, калі ядро пратэстаў фактычна апынулася па-за геаграфічнымі межамі краіны. Масавае “галасаванне нагамі” яўна не набліжала перамогу прыхільнікаў пераменаў, таму ў бок беларускіх дыяспар час ад часу гучалі крытычныя выказванні з боку людзей, якія, нягледзячы ні на што, працягвалі небяспечную дзейнасць унутры краіны. Аднак усё ўвадначассе змянілася з пачаткам вайны ва Украіне, развязанай РФ.

Да сітуацыі ўнутрыпалітычнага крызісу, які прывёў да тэрору ў дачыненні да апанентаў рэжыму, дадаліся новыя, яшчэ больш сур’ёзныя рызыкі. Прысутнасць на тэрыторыі РБ і актыўнасць чужых войскаў і без таго ўскладніла катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека і свабодамі ў Беларусі. Для вызначэння нетыповых абставін, у якіх апынулася нашая краіна, айчынныя інтэлектуалы дагэтуль не могуць падабраць адэкватнага паліталагічнага тэрміну. Некаторыя аналітыкі настойваюць на дэфініцыі “падвойная акупацыя”, маючы на ўвазе як “рэжым унутранай акупацыі” краіны так званымі сілавымі структурамі Беларусі, так і антыканстытуцыйную актыўнасць пуцінскай арміі на тэрыторыі краіны. Фактычна гаворка ідзе пра тое, што Беларусь, хоць візуальна працягвае жыць у рэжыме “міра”, але насамрэч знаходзіцца пад кантролем ажно дзвюх армій. Зразумела, што ў такіх абставінах любая несанкцыянаваная грамадска-палітычная актыўнасць знаходзіцца не тое што пад забаронай, але ўвогуле маларэальная. І вось ад гэтага моманту вялікая і актыўная беларуская эміграцыя становіцца насамрэч адзіным прадстаўніком беларускага народу. Гэта вельмі важна ў плане разумення таго, як супрацьстаяць спробам асацыяваць беларускі народ з агрэсіяй ва Украіне. Менавіта дзякуючы актыўным дыяспарам ва ўсім свеце, якія ўпершыню праявілі сябе ў 2020 годзе, атрымліваецца мінімізаваць негатыўныя наступствы інфармацыйнай вайны, якія вядуць да хейту ў дачыненні да беларусаў. На сёння, як гэта ні парадаксальна гучыць, менавіта дыяспары з’яўляюцца дзейсным інструментам абароны інтарэсаў беларускага народу ў свеце і ад іх залежыць шмат у чым лёс краіны ў будучыні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ