Падзеі 30-гадовай даўніны



Польшча адзначае важную дату, якая прадвызначыла развіццё гэтай дзяржавы на некалькі дзесяцігоддзяў. 30 гадоў таму ў Варшаве пачаліся перамовы прадстаўнікоў камуністычных уладаў з лідарамі апазіцыйнага прафсаюза “Салідарнасць”. Перамоўны працэс завяршыўся пагадненнем, у выніку якога ў Польшчы прайшлі адносна свабодныя выбары, быў узяты курс на рынкавыя рэформы. Нягледзячы на відавочны крок наперад, у польскім грамадстве дагэтуль няма згоды адносна рэзультатаў “круглага стала”. Паводле сацыялагічных даследаванняў, менш за 40% палякаў лічаць тыя перамовы паспяховымі.

Сапраўды, многія грамадзяне Польшчы балюча перанеслі “шокавую тэрапію” Лешэка Бальцэровіча, былі вымушаныя ў сталым узросце атрымліваць дадатковую адукацыю, каб хоць неяк утрымацца на плаву. Сотні тысяч людзей страцілі статус, сродкі да існавання, былі пазбаўленыя права на ўдзел у прыватызацыі, якую правялі былыя камуністычныя правадыры пры падтрымцы спецслужбаў. У сваю чаргу, дамоўленасці паміж удзельнікамі “круглага стала” забяспечылі спакойную старасць многім дзеячам ПНР, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць актывістаў апазіцыі. Той жа генерал Войцэх Ярузэльскі, хоць і з’яўляўся фігурантам крымінальнай справы доўгі час, дажыў свой век у адносна камфортных умовах, так і не пакаштаваўшы турэмнай баланды дэмакратычнай Польшчы.

З пазіцыі сённяшняга дня дастаткова лёгка вінаваціць удзельнікаў перамоваў з апазіцыйнага боку ў тым, што яны паспрыялі ўсталяванню квазідэмакратычнага рэжыму, які займаўся рабаўніцтвам народу ў наступныя 10-15 гадоў. У той час, перакананы, альтэрнатывай дамоўленасці з “чырвонымі” магла быць далейшая стагнацыя эканомікі, крывавае палітычнае супрацьстаянне, у выніку якога наш рэгіён наўрад ці б дачакаўся Белавежскіх пагадненняў, параду суверэнітэту савецкіх рэспублік і паспяховага развіцця польскай гаспадаркі ў ХХІ стагоддзі. Лідары “Салідарнасці” дзейнічалі ва ўмовах, якія дыктавалі неабходнасць дасягнення кансэнсуса, нягледзячы на цяжар рэпрэсій, якія мелі месца цягам усяго існавання марыянеткавай Польскай Народнай Рэспублікі. Але сам факт існавання дэмакратычнай і даволі заможнай Польшчы ў 2019 годзе гаворыць сам за сябе, хоць, вядома, ў ценю засталося досыць шмат злачынстваў папярэдняга рэжыму.

Досвед Польшчы, што змагла прымірыць два варагуючыя лагеры, цікавы для беларусаў, якіх таксама чакае наперадзе трансфармацыя рэжыма. І няхай пакуль што няма прыкметаў таго, што ўлады гатовыя дамаўляцца са сваімі палітычнымі апанентамі, але ісці ім на кампраміс усё роўна давядзецца. Таму што альтэрнатывай “кругламу сталу” з’яўляецца рэвалюцыя, якая можа завяршыцца вайсковай агрэсіяй суседняй дзяржавы. Запабегчы такому сцэнару можа толькі грамадзянская згода адносна незалежнасці Беларусі як найвышэйшай каштоўнасці. На гэтай платформе можна насамрэч будаваць масты ўзаемапаразумення, нягледзячы на дзесяцігоддзі супрацьстаяння, рэпрэсіі, ідэалагічную варажнечу і вайну ў сферы “палітыкі памяці”. Разам з тым, усведамленне каштоўнасці незалежнасці не павінна азначаць безумоўнай капітуляцыі перад дзяржавай-парушальнікам правоў чалавека. Паколькі незалежная Беларусь нам патрэбная менавіта як гарант забеспячэння правоў і свабод, а не як шматмільённы канцлагер з уласнай адміністрацыяй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ