Пра тое, за што беларусы павінны быць удзячнымі Станіславу Шушкевічу



Дзесьці ў 1991-м годзе мая першая настаўніца неяк урачыста ўвайшла ў наш клас. Са сцяны моўчкі зняла партрэт правадыра кастрычніцкага перавароту Уладзіміра Леніна. А на ягонае месца паставіла плакат “Беларусь — без’ядзерная зона”. Потым педагог патлумачыла дзецям, што ўладамі прынятае рашэнне пра вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Хоць мы, трэцякласнікі звычайнай сярэдняй школы г. Менска, не надта разумелі ўсе нюансы, але ў душы адчувалі, што адбылося нешта надзвычай важнае. Пазней, у больш сталым узросце, я дазнаўся, каму беларусы павінны быць удзячнымі за тое, што Беларусь пазбавілася небяспечнага арсеналу атамнай зброі, якая пераўтварала мірную краіну ў патэнцыйную мішэнь. Заслуга ў вывадзе ядзернай зброі належала першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу. У кнізе ўспамінаў “Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР” Станіслаў Шушкевіч так апісваў гэтую падзею: “На сустрэчы ў Белавежскай пушчы я заявіў пра згоду Беларусі вывесці са сваёй тэрыторыі ўсю стратэгічную і тактычную ядзерную зброю без усялякіх папярэдніх умоваў і кампенсацыі, паколькі цудоўна ўсведамляў, што наяўнасць ядзернага арсеналу ў Беларусі — рэальная пагроза існаванню беларусаў як нацыі. Усе неабходныя міждзяржаўныя пагадненні па пытанні вываду ядзернай зброі былі без прамаруджванняў падпісаныя Беларуссю, і да канца 1995 года гэта ўся зброя пакінула Беларусь”. У гэтай жа кнізе ў якасці аўтаэпіграфу аўтар змясціў наступны зварот: “Тым, каму наканавана лёсам вярнуць Беларусь у Еўропу — беларускай моладзі — прысвячаецца. Вучыцеся на нашых памылках, не будзьце надта даверлівымі”.

У згаданых вышэй мемуарах першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь з цеплынёй і без пафасу распавёў пра свой радавод: “Да 1997 года я вельмі ганарыўся сваім “рабоча-сялянскім паходжаннем. Бацька маёй маці Людвіг Раманоўскі працаваў чыгуначнікам на Лібава-Роменскай дарозе (…) У канцы другога тысячагоддзя мая сястра адшукала дакумент, згодна якому ў 1912 годзе наш дзед Людвіг быў адноўлены ў шляхецтве”. Зрэшты, у манерах і паводзінах Станіслава Шушкевіча была заўважная шляхетнасць, якая выклікала шчырую павагу і захапленне. Ён быў прадстаўніком некалькіх беларускіх сем’яў з традыцыямі, любоўю да сваёй радзімы і пачуццём абавязку. Менавіта пачуццё абавязку, уласцівае прадстаўнікам мясцовай шляхты, і прывяло прафесара фізікі ў палітыку.

Аднак беларусы могуць быць удзячныя Станіславу Шушкевічу яшчэ за некалькі вельмі важных дасягненняў. Самае значнае з іх, дзякуючы якому ён увайшоў у сусветную гісторыю, — падпісанне Белавежскіх пагадненняў ад беларускага боку. Подпіс пад дакументам, які паставіў крыж на імперыі зла, варты таго, каб імем Станіслава Шушкевіча назвалі цэнтральныя вуліцы ці скверы ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Аднак менавіта ўдзел у Белавежскіх пагадненнях яму не могуць дараваць адэпты СССР і посткамуністы. Сам Станіслаў Шушкевіч ставіўся да такіх абвінавачанняў з гумарам і сціпла адмаўляўся ад лаўраў чалавека, які разваліў СССР. “Дзякуй за тое, што развалілі імперыю зла”, — аднойчы на адным міжнародным мерапрыемстве да беларускага палітыка звярнуўся ўкраінскі журналіст і гісторык Олександр Зінченко. На гэта Станіслаў Шушкевіч адказаў: “Пане Олександре, я вам дякую за таку оцінку, але я там був на других ролях. СРСР розвалили українці і Кравчук!” І такім, згодна ўспамінам дзясяткаў людзей, быў Станіслаў Станіслававіч. У дзень, калі яго не стала, сотні беларусаў узгадваюць першага кіраўніка краіны добрымі словамі. І гэта — самы вялікі паказнік таго, што яго цанілі пры жыцці і будуць памятаць праз стагоддзі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ