Паміж Вашынгтонам і Анкарой – дыпламатычны канфлікт



Палата прадстаўнікоў ЗША прызнала генацыд армян і ўсклала адказнасць за адно з найбольш крывавых зладзействаў ХХ стагоддзя на ўлады Асманскай імперыі. Гэткі крок амерыканскіх кангрэсменаў ужо выклікаў зубны скрыгат у прадстаўнікоў турэцкага істэблішменту. Пасол ЗША ўжо быў выкліканы для дачы тлумачэнняў у турэцкае МЗС. Хоць гэты крок амерыканскага парламенту мае збольшага сімвалічнае значэнне, аднак у пэўнай ступені паказвае некалькі цікавых тэндэнцый у сусветнай палітыцы.

Акт генацыду армянаў у Турэччыне, які адбыўся ў пачатку ХХ стагоддзя, з’яўляецца прадвеснікам маштабных этнічных чыстак часоў ІІ Сусветнай вайны. І палітыка знішчэння габрэяў, і масавыя забойствы ромаў нацыстамі сталі магчымымі пасля таго, як цывілізаваны свет практычна не заўважыў амаль паўтара мільёнаў армянскіх ахвяраў, большасць з якіх складалі мірныя жыхары, старыя, кабеты і дзеці. У гісторыі чалавецтва было многа жорсткасці, калі заваёўнікі бязлітасна забівалі прадстаўнікоў захопленых народаў. Аднак асаблівасць генацыду армянаў – у тым, што канвеер смерці запрацаваў менавіта як звычайны бюракратычны механізм. Наверсе, старанныя міністры і клеркі, пісалі планы, якія прыкрывалі канцылярскай тэрміналогіяй, а ўнізе плебс знішчаў родавыя гнёзды сваіх спрадвечных антыподаў – «падступных і прадпрымальных армянаў». Нягледзячы на тое, што сярод армянскага насельніцтва Асманскай імперыі пачатку ХХ стагоддзя каля 70% складалі сціплыя і працавітыя сяляне, у турэцкай часткі народу склаліся стэрэатыпы пра «хітраваты народ, які ўвесь час нажываецца на бядотах туркаў». Дазвол на рабункі і забойствы, дадзены турэцкімі ўладамі, стаў тым трыгерам, які разбудзіў спячага звера ў шматлікіх звычайных людзях. Армяне масава «дэпартаваліся» ў непрыдатныя для жыцця рэгіёны імперыі, па дарозе няшчасныя масава паміралі ад хваробаў і голаду, а шматлікія еўрапейскія краіны фактычна заплюшчвалі вочы на гібель старажытнай цывілізацыі.

Нягледзячы на тое, што тыя крывавыя падзеі ад сённяшняга дня аддзяляе цэлае стагоддзе, розныя ўрады Турэччыны катэгарычна адмаўляюцца прызнаваць адказнасць за генацыд армянаў. Гэтае пытанне для туркаў настолькі прынцыповае, што можа стаць падставай для дыпламатычных канфліктаў, а ў некаторых выпадках – для эканамічных санкцый і палітычнага ціску. Відавочна, рашэнне Палаты прадстаўнікоў ЗША аб прызнанні адказнасці Асманскай імперыі ў этнічных чыстках армянаў адбываецца пад уплывам бягучых палітычных падзеяў на Бліжнім Усходзе. Нягледзячы на тое, што Турцыя дзесяцігоддзямі ішла ў фарватары знешняй палітыкі ЗША, у апошнія гады, з узмацненнем ролі гэтай дзяржавы ў рэгіёне, інтарэсы Анкары ўсё менш супадаюць з памкненнямі Вашынгтона. Апошняй кропляй для амерыканскіх кангрэсменаў сталася ўварванне турэцкай арміі на сірыйскія тэрыторыі, заселеныя курдамі, каб стварыць так званую бяспечную зону ўздоўж сірыйска-турэцкай мяжы з кантраляванай паласой у 32 км углыб Сірыі.

Прызнанне генацыду армянаў вядучай дзяржавай свету – гэта доказ таго, як настойлівасць і руплівая праца прадстаўнікоў невялікага народу можа прывесці да ўсведамлення гістарычнай праўды на планетарным узроўні. І хай турэцкія ўлады яшчэ не даспелі да неабходнасці выбачэнняў перад армянамі, але тое рана ці позна адбудзецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ