Парад прэтэндэнтаў
Прэзідэнцкая гонка набірае абароты. Цікава, што традыцыйныя апаненты ўлады з ліку партый дэмакратычнай скіраванасці ад удзелу ў палітычных спаборніцтвах адмовіліся. Прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі называюць вылучэнне кандыдатур сваіх прадстаўнікоў ва ўмовах пандэміі каронавірусу амаральным крокам. У такім жа прыблізна рэчышчы выказаўся кіраўнік апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін. І гэта, хутчэй за ўсё, фінальны акорд у выкананні беларускіх апазіцыйных партый, якія дзесяцігоддзямі імкнуліся канкураваць з Аляксандрам Лукашэнкам на выбарах. Цяпер слова – за іншымі людзьмі, якія не маюць груза электаральных паразаў і асацыююцца ў большасці грамадства з новай хваляй.
На гэты момант выразна прасочваюцца, акрамя цяперашняга кіраўніка дзяржавы, чатыры групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва.
Да ўмоўна першай групы адносяцца асобы, якія ўдзельнічаюць у выбарах у фармаце так званага “кандыдата пратэсту”, прапанаванага Міколам Статкевічам. Асноўная задача, якую маюць “кандыдаты пратэсту”, – прымусіць улады зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты Міколу Статкевіча. У выпадку, калі ЦВК адмовіцца выдаваць пасведчанне лідару БНК, то група “кандыдатаў пратэсту” абяцае правесці на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў шумную і дзёрзкую антыагітацыю супраць цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, гэтую стратэгію можна ўмоўна назваць “Аперацыя па прымушэнні да рэгістрацыі Міколы Статкевіча”.
Другая катэгорыя прэтэндэнтаў – Сяргей Ціханоўскі і яго прыхільнікі. Не зусім зразумела, у які момант блогер вырашыў весці ўласную гульню, хоць першапачаткова ён заявіў пра тое, што будзе таксама ў кампаніі “кандыдатаў пратэсту”. Хутчэй за ўсё, упэўненасці ў сваіх сілах яму надала папулярнасць ягонага ютуб-канала “Краіна для жыцця”. Некаторыя ролікі, у якіх апавядалася пра праблемы беларускай правінцыі, набралі па некалькі соцень тысячаў праглядаў. Гэта рэкордныя для беларускага палітычнага ютуба лічбы. А ягоная заява, што ён гатовы ісці на выбары, проста ўзарвала беларускі Інтэрнэт. У якасці паплечніка Сяргея Ціханоўскага ідзе гомельскі фермер Юрый Ганцэвіч, які па паперцы зачытаў асноўныя тэзісы ранейшых выступаў Ціханоўскага.
Трэцяя група ўдзельнікаў выбараў – традыцыйныя спарынг-партнёры ўлады, з якіх самы відавочны – былы міліцыянт Гайдукевіч-малодшы. Задачай такіх прэтэндэнтаў звычайна бывае падстрахоўка дзейснага кіраўніка дзяржавы на выбарах у выпадку, калі раптам усе апазіцыйныя прэтэндэнты здымуць свае кандыдатуры.
Чацвёртая група прэтэндэнтаў, самая цікавая, – гэта прадстаўнікі бізнесу. У папярэднія выбары заўжды знаходзіліся лідары прадпрымальнікаў альбо ўласнікі бізнесаў, якія спрабавалі кінуць пальчатку Аляксандру Лукашэнку. Як правіла, усе гэтыя спробы не прыводзілі ні да чаго добрага для гэтых людзей. Але сёлета сітуацыя ўнікальная тым, што партыю рэфарматараў-бізнесменаў ачольвае вядомы мецэнат, медыйная асоба і былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанку” Віктар Бабарыка. За некалькі сутак з моманту яго абвяшчэння аб намерах вылучыцца на выбарах, у ягоную ініцыятыўную групу запісаліся больш за 4 тысячаў чалавек. І гэта толькі пасля звароту праз адну сацыяльную сетку “Фэйсбук”. Можна сабе ўявіць, якімі тэмпамі пачнуць далучацца да каманды гэтага прэтэндэнта людзі, калі пачнецца праца ў іншых сацсетках.
Ва ўсім гэтым парадзе прэтэндэнтаў застаецца адкрытым пытанне, хто стане тым самым прарасейскім кандыдатам, пра якога ўвесь час гавораць аналітыкі. Зрэшты, на гэтую ролю могуць прэтэндаваць ці не палова з тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. А тое, што такі кандыдат заявіць пра сябе, у гэтым сумнявацца не выпадае.