Патрыятычны хакей



Сапраўдныя заўзятары на спартовыя спаборніцтвы не ходзяць. Яны ў перапынку паміж перыядамі бегаюць у крамы разліўнога піва, каб паспець набыць улюбёны напой да пачатку гульні. А тыя, хто затрымаецца ў чарзе, могуць паглядзець матчы прама ў краме. Балазе дайшоў прагрэс і да піўных у спальных раёнах.

Зрэшты, глядзець гульню па тэлевізары ў піўнушцы ў кампаніі незнаёмцаў не так ужо і сумна. Такую сцэнку давялося назіраць пару дзён таму ў адной з гомельскіх крамаў. Хлопец няпэўнага ўзросту з келіхам у руце запытвае кожнага, хто ўваходзіць: „Які ваш прагноз?”. Пакупнікі ў большасці сваёй занятыя вывучэннем цэнаў на цэтліках. Але сёй-той адказвае: „Нашы парвуць з лікам 4:1”. Іншы, з вэнджаным шчупаком у руцэ, папраўляе таварыша: „Не, будзе хутчэй за ўсё 3:1, але нашы надаюць кухталёў славакам”. Паміж пытаннямі гандляра адбываюцца абмеркаванні беларускай зборнай, галоўнага трэнера і нават якасці пакрыцця льду на чэшскіх арэнах. На экране тэлевізара пакуль што нуль-нуль, таму пытанне прагнозу надзвычай вострае. Пасля трэцяга пытання пра шансы нашай зборнай не вытрымліваю: „Будзе лік 3:2 на карысць славакаў”. І раскрываю некаторыя нюансы, хоць не з’яўляюся спартовым аглядальнікам і не валодаю паранармальнымі здольнасцямі. „Спачатку нашыя будуць наперадзе, але потым, як звычайна, прапусцяць некалькі шайбаў”, – рэзюмую свой прагноз. Хлопец са шчупаком у руцэ незадаволена хістае галавой. Паветра электрызуецца. Напружанне здымае чалавек з піўным келіхам: „Слухайце, гэта нейкі новы прагноз, хоць нешта новае чалавек сказаў. Але я думаю ўсё-такі, што нашыя славакаў парвуць. І ўвогуле трэба быць аптымістам”.

Вяртаюся дамоў, шукаю ў інтэрнэце вынікі гульні беларусаў са славакамі. Я памыліўся. Нашыя прайгралі з лікам не 3:2, як я меркаваў, а 4:2. Праўда, у авертайме. Аказваецца, я яшчэ аптыміст. Ды яшчэ які! На цэлую шайбу памыліўся. Мяне, вядома, перапаўняе гонар за патрыятызм суайчыннікаў, але эмпірычным шляхам даўно ўжо заўважыў, што беларускім хакеістам вечна не хапае трошкі, каб перамагчы. Ад маіх шматгадовых праглядаў чэмпіянатаў і алімпіядаў з удзелам зборнай – практычна суцэльныя расчараванні. Здаецца, даціснулі якіх швайцарцаў, як тыя ў апошнія хвілі накідалі шайбаў нашаму брамніку. І так заўжды. З фізічнай падрыхтоўкай у нашых хлопцаў усё больш-менш добра, але чагосьці бракуе. Гэтага чагосьці малавата ў хакеістаў, але ў беларускіх тайбаксёраў ёсць нават з лішкам.  На наступны ЧС па хакеі трэба, відаць, беларусам адпраўляць тайбаксёраў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ