Перайменаваць Камсамольскую ў гонар рэпрэсаванага архітэктара



Штодня тысячы гомельцаў на прыватных аўтамабілях і ў грамадскім транспарце праязджаюць праз ажыўленую вуліцу Кірава (гістарычная назва — Магілёўская). На адным з даваенных будынкаў яны бачаць маштабны партрэт вельмі сімпатычнага чалавека з надзвычай жывым тварам і бародкай “эспаньёлкай”. Каля партрэта – надпіс “Станіслаў Шабунеўскі”. На жаль, на графіці не пазначаныя даты ягонага жыцця (1868-1937 гг)”. Гэтыя дзве даты надзвычай інфарматыўныя. Згодна першай, чалавек на выяве нарадзіўся 150 гадоў таму. Паводле другой, ягонае жыццё абарвалася ў крывавым 1937 годзе. У тыя часіны людзі з такімі разумнымі вачыма і інтэлігентным выглядам рэдка паміралі сваёй смерцю і ў атачэнні сям’і. І сам будынак, на якім намаляваны незавершаны партрэт, дарэчы, таксама спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі. Як і партрэт, выкананы напалову, гэты ўзор даваеннай забудовы так і не быў ніколі да канца завершаны. Пасля гвалтоўнай смерці Шабунеўскага не знайшлося дойліда, які б годна дабудаваў дом.

Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі паходзіць са шляхецкай сям’і. У ягонай аўтабіяграфіі, якая даступная ў Інтэрнэце, ёсць успаміны пра тое, што ягоная маці размаўляла па-беларуску. Атрымаўшы добрую адукацыю ў дарэвалюцыйным Санкт-Пецярбургу, ён стаў выбітным архітэктарам. На сёння самыя адметныя помнікі архітэктуры ў Гомелі, датаваныя канцом ХІХ- першай паловай ХХ ст., створаныя ім. Гэты архітэктар працаваў у розных стылях: і неакласіцызм, і эклектыка, і арт-дэко, і мадэрнізм, і канструктывізм. Даследчыкі ягонай спадчыны кажуць, што ў бліжэйшы час будуць агучаныя сенсацыйныя звесткі пра архітэктурныя перліны, збудаваныя Станіславам Шабунеўскім у іншых гарадах Беларусі. У савецкія часы імя гэтага чалавека было выкрэсленае з памяці беларусаў. Але яго вяртанне адбываецца, хоць і з вялікай цяжкасцю.

У любімым горадзе Станіслава Шабунеўскага Гомелі ёсць многа помнікаў архітэктуры, cтвораных ім, у якіх месцяцца дзяржаўныя ўстановы і жывуць высокапастаўленыя жыхары. Яны штодня праходзяць праз гэтыя будынкі, працуюць у іх, але нават не задумваюцца пра знакамітага дойліда. У горадзе над Сожам няма ані сціплага бюста Шабунеўскаму, ані вуліцы. Некалькі разоў краязнаўцы і неабыякавыя грамадзяне спрабавалі ініцыяваць працэс ушанавання памяці творцы. Але гарадскія ўлады лічаць, што Гомелю больш пасуюць пустыя назвы, звязаныя з камуністычным мінулым.

І вось у гонар 150-годдзя з моманту нараджэння Станіслава Шабунеўскага гомельцы ініцыявалі інтэрнэт-петыцыю з заклікам да гарадскіх уладаў. Аўтары звароту абгрунтавана даводзяць неабходнасць ушанавання славутага архітэктара і прапаноўваюць вярнуць гістарычную справядлівасць, перайменаваўшы адну з цэнтральных вуліц горада Камсамольскую. Але дынаміку збору подпісаў нельга назваць абнадзейваючай. За суткі падпісаліся толькі каля 100 чалавек. “Гэта ганьба і правал. Шабунеўскі стварыў той Гомель, які мы бачым штодня… Шабунеўскага забылі настолькі надзейна, што на ўвесь Гомель знайшлося толькі 66 чалавек, якія хочуць назваць вуліцу ягоным імем”, — пісала ў фэйсбуку пісьменніца і грамадскі дзеяч Яўгенія Стрыжак.

Нехта з крытыкаў інтэрнэт-петыцыі звяртае ўвагу, што прапанова аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай, калі на дзяржаўным узроўні адзначаецца 100-годдзе дадзенай арганізацыі, – гэта прамы выклік уладам. Маўляў, яны могуць падумаць, што аўтары петыцыі робяць усё, каб “сапсаваць свята”. На гэта гісторык Марыя Булавінская адказвае, што пытанне “перайменавання вуліцы Камсамольскай зусім не залежыць ад кан’юнктуры і лаяльнасці чыноўнікаў. Таму прапанова – гэта толькі пачатак складанага шляху, які трэба прайсці. Але мы ўпэўненыя, што вынік будзе і вуліца Шабунеўскага з’явіцца”, — адказвае апанентам Марыя Булавінская.

Марыя Булавінская мае рацыю. Без сумневу, як бы не супраціўляліся мясцовыя ідэолагі, у Гомелі Шабунеўскі будзе ўшанаваны. Яшчэ якіх пару дзесяцігоддзяў таму назад ніхто б не паверыў, што вуліцы пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага, на якой стаіць Мікольскі манастыр, будзе вернутая гістарычная назва Мікольская. Дарэчы, будынак таго манастыра таксама спраектаваў Шабунеўскі.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ