Пераход да тактыкі “гульня нерваў”



На сайце Берасцейскага аблвыканкама з’явілася распараджэнне ад кіраўніка вобласці Анатоля Ліса, згодна якому будаўніцтва акумулятарнага завода “Ай Паўэр” часова прыпыняецца. Зразумела, на такі крок улады пайшлі не добраахвотна, а пад ціскам грамадскасці. Каб не самаахвярныя пратэсты актывістаў і гараджанаў, гэтага выніка дабіцца б не ўдалося. На гэтым фоне паказальна выглядае сітуацыя са Светлагорскам, дзе таксама запушчаная шкодная вытворчасць на тамтэйшым заводзе беленай цэлюлозы. Светлагорскі завод працягвае штодня ставіць пад пагрозу здароўе жыхароў навакольных вёсак і гараджанаў, якія, у адрозненне ад берасцейцаў, асаблівай актыўнасцю не вылучаюцца.

Берасцейскія актывісты змаглі сваімі дзеяннямі заручыцца падтрымкай гараджанаў, якая выяўлялася не толькі ў станоўчай рэакцыі ў сацыяльных сетках, але і ў штотыднёвых акцыях пратэсту. Больш за год жыхары Берасця кожную нядзелю выходзілі “карміць галубоў”, а некалькі разоў увогуле прайшлі з лозунгамі па цэнтральных вуліцах горада. Збіць пратэстную хвалю праваахоўнікі не змаглі, нягледзячы на прэвентыўныя затрыманні арганізатараў, рэпрэсіі супраць самых актыўных і пагрозы.

Дадатковым фактарам перамогі стала ўпартасць пратэстоўцаў, якія паставілі перад сабой, здавалася б, нерэальную мэту па спыненні будаўніцтва аб’екта. У Беларусі склалася такая завядзёнка, што калі супадаюць інтарэсы бізнеса і ўладаў, правы грамадзянаў адыходзяць на другі план. Апаненты берасцейскага акумулятарнага завода працягвалі дабівацца мэты без аглядкі на высокіх пакравіцеляў праекта, далучалі да сваіх прыхільнікаў усё больш шырокія колы грамадзян.

Асобная роля ў прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода належыць блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну, якія аператыўна інфармавалі жыхароў горада пра патэнцыйную небяспеку ад шкоднай вытворчасці.

Каманда праціўнікаў завода ў сваім змаганні выкарыстоўвала крэатыўныя падыходы, з чым недапрацоўвалі экалагічныя актывісты ў іншых рэгіёнах. Грамадзяне не абмежаваліся “папяровай працай” (перапіскай з бюракратамі і прыродаахоўнымі ведамствамі). Актывісты здымалі відэакліпы, спявалі, прыходзілі на акцыі ў касцюмах звяроў і нават агучылі ідэю вылучэння ў прэзідэнты аднаго з лідараў пратэстаў Дзям’яна Лепясевіча. Словам, зрабілі ўсё, каб праблема берасцейскага завода выйшла на агульнарэспубліканскі ўзровень. Падчас пратэстаў у Берасці з’явіліся яркія лідары, якія праявілі сябе таксама ў арганізацыі “свінцовай варты” – начных дзяжурстваў актывістаў ля прахадной прадпрыемства.

Некаторыя эксперты, аднак, звязваюць рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва завода са знешнімі чыннікамі. Цалкам магчыма, што ўлады свядома пайшлі на паніжэнне градуса сацыяльнай напружанасці на перыяд ІІ Еўрапейскіх гульняў ці напярэдадні дзвюх важных выбарчых кампаній. Так гэта ці не, але распараджэнне старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода не прымалася б, калі б не самаахвярная і працяглая праца неабыякавых грамадзянаў. Разам з тым, у гэтым Рашэнні варта ўсім звярнуць увагу на фармулёўку “часовы”, з якой вынікае, што адмаўляцца ад задумы запуска акумулятарнага завода ўлады не намераныя. Проста пакуль што яны вырашылі адмовіцца ад пазіцыйнай вайны, перайшоўшы да тактыкі “гульні нерваў”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ