Першыя прыкметы набліжэння выбараў



Канчатковая дата асноўнай палітычнай падзеі пяцігодкі – прэзідэнцкіх выбараў – яшчэ не вызначаная. Але ў Беларусі пачаўся ўжо парад кандыдатаў. Пра свае намеры аб вылучэнні кандыдатур заявілі экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла Мікалай Статкевіч, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім. У выніку праймерыз будзе абраны прэтэндэнт ад кааліцыі правацэнтрыстаў. Пра свае амбіцыі таксама заявілі шэраг праўладных палітычных структур кшталту ЛДПБ. Без сумневу з набліжэннем выбараў з’явіцца яшчэ некалькі персон, якія захочуць паўдзельнічаць у кампаніі. У кожнага з гульцоў – свая матывацыя (у кагосьці піар, хтосьці хоча здабыць рэсурсы для дзейнасці сваёй структуры ў міжэлектаральны перыяд). Але ўсур’ёз у сваю перамогу на гэтых выбарах, акрамя дзейнага кіраўніка дзяржавы, ніхто не верыць.

Разам з тым, фон будучых прэзідэнцкіх выбараў істотна адрозніваецца ад таго, як праходзілі аналагічныя кампаніі раней. Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі і рэгіянальны палітык Васіль Палякоў вылучае дзве асаблівасці цяперашняй электаральнай кампаніі, якія робяць яе адрознай ад папярэдніх.

Па-першае, эпіцэнтр палітычнай барацьбы перамесціцца са сталіцы ў рэгіёны. У апошнія некалькі гадоў тэндэнцыя дыферэнцыяцыі прыбыткаў у Менску і на перыферыі становіцца ўсё больш выразнай. Калі ў сталіцы дастаткова лёгка знайсці працоўнае месца з месяцовым заробкам каля 500 долараў ЗША ў эквіваленце, то ў рэгіёнах людзі трымаюцца за працу з 250-доларавымі заробкамі. А калі да гэтай праблемы дадаць няразвітасць сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры, экалагічныя праблемы, адсутнасць магчымасці для самарэалізацыі, дэпрэсіўнасць і прававую неабароненасць жыхароў, то цалкам зразумела, што менавіта насельніцтва райцэнтраў і гарадоў абласнога статуса будзе найбольш успрыімлівым да палітычных праграм апанентаў кіраўніка дзяржавы. Можна не сумнявацца, што менавіта ў рэгіёнах разгарнуцца найбольш цікавыя падзеі, звязаныя з выбарчым календаром.

Па-другое, як зазначае Васіль Палякоў, у адрозненне ад ранейшых выбараў, не палітычныя структуры, а менавіта грамадства будзе вызначаць парадак дня. У папярэднія гады апазіцыйныя стратэгі прапаноўвалі беларусам розныя варыянты паводзін падчас выбараў. У свой час выбарцам была прапанаваная мадэль адзінага кандыдата ад апазіцыі, потым, пасля паспяховых рэвалюцый на постсавецкай прасторы, стаўка рабілася на плошчу. Грамадства ў гэтых выпадках выступала ў якасці пасіўнага аб’екта ўздзеяння, якое магло толькі выбіраць: падтрымліваць альбо не падтрымліваць стратэгіі змагання за ўладу. Прыблізна з 2017 года сітуацыя кардынальным чынам змянілася. Пасля спробы рэалізацыі неканстытуцыйнага Дэкрэта “Аб сацыяльным утрыманстве” менавіта ад грамадзян сыходзілі розныя ініцыятывы па абароне сваіх правоў. А палітыкі і грамадскія актывісты спрабавалі ўзначаліць працэс, рэагавалі на яго па меры магчымасці. Прыблізна такая ж тэндэнцыя захоўваецца і цяпер. Апазіцыйным структурам варта ўважліва прыглядацца да грамадскіх рэакцый на тыя ці іншыя падзеі і распрацоўваюць свае прапановы. Такім чынам, мы набліжаемся да сітуацыі, калі палітычная барацьба ў Беларусі будзе вызначацца шмат у чым здольнасцю палітыкаў адпавядаць запатрабаванням грамадства, як, зрэшты, і павінна быць у нармальных палітычных сістэмах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ