Планета, якая памірае
Над дакладам па сітуацыі з папуляцыямі дзікіх жывёл працаваў салідны калектыў навукоўцаў з усёй планеты. 59 экспертаў прыйшлі да высновы, што ў выніку дзейнасці чалавека пад пагрозай знікнення апынуліся многія віды жывёл, некаторыя ўжо практычна немагчыма аднавіць. Каб зразумець хуткасць працэсаў змяншэння жывых арганізмаў, можна прывесці наступны факт: яшчэ 4 гады таму назад гаворка ішла пра знікненне 52% агульнай папуляцыі жывёл на планеце. “Знікненне 60% людской папуляцыі раўназначна абязлюджванню Паўночнай Амерыкі, Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, Кітая і Акеаніі”, — прыводзіць жудаснае параўнанне выканаўчы дырэктар па навуцы і захаванню навакольнага асяроддзя Майк Барэт у інтэрв’ю брытанскаму выданню The Guardian.
Асноўнай прычынай змяншэння папуляцый жывёльнага свету з’яўляецца знішчэнне натуральных асяроддзяў існавання жывёл у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. Спецыялісты WWF зазначаюць, што ў большай ці меншай ступені каля 3/4 ад усёй плошчы Зямлі выкарыстоўваецца пад чалавечую актыўнасць. Другі фактар вынішчэння фаўны – забойствы дзеля ежы. Хімічнае забруджанне – трэці па ліку забойца ўсяго жывога на планеце. Найбольш пацярпелым ад антрапагеннага фактару рэгіёнам планеты з’яўляецца Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка, якая пазбавілася да 89% ад агульнага багацця жывёльнага свету. Навукоўцы зазначаюць, што знікненне відаў у гэтай частцы свету звязана з інтэнсіўным высяканнем лясоў, а таксама засваеннем трапічных саван дзеля засейвання вызваленых зямельных плошчаў сельскагаспадарчымі культурамі.
Усе гэтыя факты пра незваротныя працэсы на нашай планеце гавораць самі за сябе. Чалавецтва, занятае спажывецтвам на глабальным узроўні, не задумваецца пра тое, што планета – гэта не здымная кватэра, з якой у любы момант можна пераехаць у больш утульнае месца. Жыццё чалавека крытычна залежыць ад чысціні паветра, наяўнасці пітной вады і здаровай ежы. Калі людзі хочуць, каб іх від меў шансы на выжыванне, патрэбныя кардынальныя змены ў паводзінах і спажывецкіх звычках ужо цяпер. Нацыянальным урадам трэба больш адказна адносіцца да кааперацыі дзеля вырашэння планетарных праблем, спрыяць распаўсюду “зялёнай энергетыкі”, ажыццяўляць кантроль за прамысловымі карпарацыямі, абмяжоўваць выраб прадукцыі з пластыка і поліэтылена.
У Беларусі сітуацыя са знікненнямі відаў жывёл выглядае таксама несуцяшальна. У першым выданні Чырвонай кнігі Беларусі, датаваным 1981 годам, зазначалася, што пад пагрозай знікнення знаходзіліся 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. У трэцім выданні, якое выйшла ў 2006 годзе колькасць рэдкіх відаў жывёл павялічылася ўжо да 189 відаў, раслін – да 274 відаў адпаведна. Для нашай краіны характэрныя ўсе пералічаныя вышэй беды, выкліканыя празмерным спажываннем і нізкім узроўнем экалагічнай культуры. Акрамя катастрофы на ЧАЭС, у нас не наладжаная належным чынам перапрацоўка смецця. Улады дзеля атрымання кароткатэрміновага эканамічнага эфекта ад увядзення ў лад новых прадпрыемстваў гатовыя ахвяраваць экалогіяй цэлых гарадоў і здароўем людзей, як тое мы бачым на прыкладзе будаўніцтва Светлагорскага завода беленай цэлюлозы альбо планамі запуска акумулятарнага завода ў Берасці.