Платныя рэкі, браканьеры і рыбакі
Беларуская эканоміка перажывае тры этапы крызіса. Грошай няма. Грошай зусім няма. Здаюцца ў арэнду рэкі.
Беларусаў неяк апошнім часам спрабуюць пераканаць у тым, што нічога няма народнага. І што за ўсё трэба плаціць. Атрымліваецца нейкі парадокс. З аднаго боку, улады сябе адкрыта называюць пераемнікамі БССР, але пры гэтым адмаўляюцца ад заваёваў сацыялізму. Тая ж, напрыклад, арэнда рэк і азёр. Яшчэ якіх гадоў 30 таму любы рыбак пакруціў бы пальцам ля скроняў, калі б яму сказалі, што нейкую саджалку можна ўзяць у арэнду. Тым больш, калі гаворка ідзе пра раку. Але час ідзе, усё мяняецца. Цяпер нават навіны пра арэнду 91 кіламетра Прыпяці (ад Нароўлі да Петрыкава) мала каго здзіўляюць. Абураюцца толькі зацятыя рыбакі і эколагі.
Дзяржава пераконвае, што ад арэнды вадаёмаў і рэк толькі адныя плюсы. Маўляў, арандатары больш адказна ставяцца да прыродных рэсурсаў, ствараюць умовы для адпачынку ў выглядзе лавачак і пляцовак для барбекю, ганяюць браканьераў і зарыбляюць вадаёмы. Рыбакі ж перакананыя, што арандатар выключна дбае пра свой прыбытак. Калі дзялку трэба, ён вычэрпвае рыбу ў прамысловых аб’ёмах, пакідаючы пасля сябе спустошаныя вадаёмы. Даволі часта бывае, калі арандатары вадаёмаў ігнаруюць прыродаахоўнае заканадаўства. Ставяць аўтамабілі за два метры ад вады, карыстаюцца сеткамі. Калі на звычайных рэках і азёрах у перыяд нерасту забараняецца рыбная лоўля, то на арандаваных у гэты час можна ўбачыць рыбакоў, якія раскладаюць па 10 вудаў.
Асабліва злуе рыбакоў не сам факт платнай рыбалкі, а тое, што нехта абвяшчае сябе гаспадаром агульнага багацця. Сапраўды, паміж арэндай і прыватнай уласнасцю вельмі тонкая мяжа. І не факт, што так званы гаспадар прыроднага аб’екта будзе насамрэч клапаціцца пра экалогію. Зрэшты, практыка арэнды натуральных вадаёмаў усё-такі выглядае дзікаватай. Калі ў якім-небудзь штучным ставе ці саджалцы разводзіць малька можна, то як гэта рабіць у рацэ?