Попыт на апазіцыю



У Беларусі яшчэ не абвясцілі афіцыйны старт прэзідэнцкай гонкі, але ўлады напоўніцу выкарыстоўваюць усе рэсурсы для піара свайго кандыдата. Штаб кіраўніка дзяржавы займаецца прыхаванай перадвыбарчай агітацыяй, пачынаючы ад стварэння відэакліпаў пра дзяцінства прэзідэнта, сканчваючы “Еўрапейскімі гульнямі” і парадамі на 3 ліпеня. Пастаянная прысутнасць першай асобы дзяржавы на ўсіх афіцыйных тэлеканалах таксама не пакідае варыянтаў для выбарцаў, якія пры ўсім жаданні не могуць убачыць у даступных СМІ альтэрнатыўных палітыкаў. На гэтым фоне дэмакратычная апазіцыя выглядае амаль незаўважнай. Пра свой удзел у будучых выбарах заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Хутчэй за ўсё на выбары таксама пойдзе яе калега па так званым парламенце Ганна Канапацкая. Можна не сумнявацца, што кампанія “Гавары праўду” таксама захоча выкарыстаць дадатковую магчымасць для прыцягнення рэсурсаў і ў чарговы раз прарэкламаваць сваю дзейнасць. Чакаецца і ўдзел прадстаўніка правацэнтрысцкай кааліцыі, які будзе абраны па невядомай схеме, бо на раней анансаваную працэдуру праймэрыз практычна няма часу і зацікаўленасці з боку грамадства. Але ўсе гэтыя вылучэнцы наўрад ці будуць настроеныя на рашучую барацьбу. Яны цвяроза ацэньваюць свае сціплыя магчымасці і не хочуць парушаць правілы гульні, у выніку чаго можна істотна ўскладніць сабе жыццё.

На фоне ўсіх дэмакратычных прэтэндэнтаў выйгрышна выглядае стратэгія палітыка Міколы Статкевіча. Ён пачаў сваю перадвыбарчую кампанію нешаблонна, ігнаруючы неспрыяльныя ўмовы і імаверныя перашкоды. Парадаксальна, але ўлады зрабілі гэтаму палітыку “падарунак” у выглядзе магчымай забароны на ўдзел у выбарах па прычыне непагашанай судзімасці. У 2010 годзе, будучы кандыдатам на выбарах, Мікола Статкевіч стаў адным з арганізатараў акцый пратэсту супраць выбарчых фальсіфікацый, у выніку чаго быў пакараны турэмным тэрмінам за арганізацыю масавых беспарадкаў. Разлік уладаў быў на тое, што па выхадзе з турмы Мікола Статкевіч па аб’ектыўных прычынах, як тое прадугледжана ў выбарчым заканадаўстве, не зможа вылучацца. Але гэта не стала стрымліваючым фактарам, а наадварот развязала рукі палітыку, які пачаў праводзіць перадвыбарчыя сустрэчы па сваіх правілах, не чакаючы ацэнкі сваіх дзеянняў з боку ЦВК.

Вось ужо другі месяц запар Мікола Статкевіч сустракаецца з жыхарамі розных беларускіх гарадоў. На анансаваныя сустрэчы, якія звычайна праходзяць у апазіцыйных офісах, з’яўляюцца па некалькі дзясяткаў чалавек, журналісты і блогеры. Здавалася б, гэтыя сустрэчы ў інфармацыйным плане нічога не вартыя. Але дзякуючы працы журналістаў, блогераў і сацыяльным сеткам тэзісы Статкевіча слухаюць тысячы грамадзянаў. І дынаміка праглядаў відэа расце з кожным горадам.

Падчас сустрэч з жыхарамі з абласных і раённых цэнтраў Мікалай Статкевіч востра, не асабліва падбіраючы выразаў, выказваецца па набалелых праблемах Беларусі. Адказы на гэтыя пытанні, хоць і не надта арыгінальныя, але ўспрымаюцца публікай на “ўра”. Парадаксальна, але наступілі часы, калі народ даспеў да таго, каб пачуць альтэрнатыўную думку, аднак пералічыць палітыкаў, якія ў стане данесці яе, можна на пальцах адной рукі. І дзейнасць Мікалая Статкевіча пачала знаходзіць водгук у беларусаў, якія ўсё больш прагнуць пераменаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ