Пра абсурдную справу Дзяніса Івашына
Стала вядомай дата судзілішча над журналістам Дзянісам Івашыным. Гарадзенца, які працаваў у рэдкім жанры для беларускай журналістыкі (расследаванне), пачнуць судзіць 15 жніўня — праз больш чым 500 дзён пасля арышту. За гэты час Дзяніс шмат разоў праходзіў праз допыты, неаднойчы змяшчаўся ў карцар, перанёс некалькі хваробаў у турме і быў фактычна пазбаўлены перапіскі з блізкімі і сябрамі.
Напярэдадні затрымання і змяшчэння ў СІЗА Дзяніс Івашын паведамляў пра тое, што ім вельмі цікавяцца сілавікі. На адрас ягонага пражывання прыходзілі невядомыя, якія збіралі інфармацыю ў суседзяў. Нягледзячы на розныя сігналы аб небяспецы, ён працягваў заставацца ў Беларусі. Пасля затрымання Дзянісу інкрымінавалі абсурдны артыкул 365 КК РБ (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных органаў), а пасля перакваліфікавалі ў яшчэ больш абсурдны артыкул 356 КК (здрада дзяржаве), па якім прадугледжваецца пакаранне да 15 год турмы. Зразумела, абодва абвінавачанні не маюць ніякага дачынення да працы Дзяніса Івашына і ў чыстым выглядзе з’яўляюцца палітычнай расправай над беларускім патрыётам і бясстрашным журналістам. Ну, не лічыць жа ўсур’ёз шпіёнам чалавека, які ва ўсіх сваіх інтэрв’ю публічна выказваў меркаванні і адкрыта распавядаў пра месцы сваёй працы. Перакваліфікацыя абвінавачання на фоне шалёнай антыўкраінскай кампаніі ў прапагандысцкіх СМІ і вайны ва Украіне выглядае чарговым сведчаннем таго, які бок займае рэжым у супрацьстаянні РФ з усім цывілізаваным светам. Дзяніс Івашын як чалавек, які ў межах журналісцкай дзейнасці займаўся выкрываннем злачынных праяваў “рускага міру”, стаў мішэнню для так званых уладаахоўнікаў.
І ў адносна вегетарыянскія часы Дзяніс Івашын пісаў артыкулы на тэмы, за якія баяліся брацца многія калегі. Ягоная працаздольнасць, прынцыповасць і стараннасць у падборы фактуры для матэрыялаў не давала магчымасці ягоным апанентам перашкаджаць працы журналіста прававымі метадамі. Дастаткова прыгадаць пазоў уласнікаў бізнеса, які пайшоў на пабудову ў раёне Курапатаў рэстарацыі “Паедзем паямо”. Гэты суд для ўплывовых людзей з грашыма скончыўся нічым. Фігуранты расследавання з некалькіх структур так і не змаглі прыцягнуць Дзяніса да адказнасці, паколькі ягоная доказная база была складзена бездакорна. Аднак у перыяд татальнага беззаконня, які працягваецца пасля 2020 года, прысуды выносяцца не на падставе доказаў і нормаў права, а на падставе палітычнай мэтазгоднасці. Дзяніс Івашын, які з’яўляўся рэдактарам беларускай службы выведніцкай валанцёрскай супольнасці “Інформнапалм”, стаў ахвярай палітычных рэпрэсій з боку прарасейскіх функцыянераў рэжыму. І ягоная свабода наўпрост залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя на ўкраінскім фронце і, што яшчэ больш важна, у самой Беларусі. Абставіны затрымання Дзяніса і тое, у чым яго абвінавачваюць, паказваюць сутнасць так званай улады краіны, якая стаіць на варце чужых нацыянальных інтарэсаў. У гэтым плане зусім не з’яўляецца перабольшаннем пазіцыя родных журналіста, якія ў публікацыях называюць яго няйначай як “палонным”.