Пра агонію імперыі



З моманту падступнай атакі войскаў РФ на Украіну прайшоў роўна месяц. Відавочна, крамлёўскія стратэгі, якія разлічвалі на бліцкрыг, селі ў калюжыну. З усіх абласных гарадоў хвалёнай арміі Пуціна коштам вялікіх стратаў у жывым складзе і ў тэхніцы ўдалося ўзяць толькі адзін горад – Херсон. Ды і там можна толькі ўмоўна гаварыць пра кантроль гэтага населенага пункта акупацыйнай уладай.

За месяц увесь свет пераканаўся ў злачыннай сутнасці расейскай улады і ў ненармальнасці яе палітыкі. З руйнаваннем міфа пра непераможнасць войска РФ ацверазенне прыходзіць і да адэптаў рускага міру як у самой Расеі, так і ў Беларусі. Нават самыя адыёзныя з іх, якія ў пачатку кампаніі пісалі поўныя энтузіязма паведамленні, цяпер у асноўным замаўчалі. А некаторыя з іх, як вядомы расейскі манархіст і палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Стралкоў-Гіркін, прама вінаваціць Крэмль у правале аперацыі і гаворыць тое, што за вынікі кампаніі ва Украіне арганізатараў “расстраляць мала”. На фоне эканамічнага падзення ў РФ і дыпламатычнай ізаляцыі, калі нават КНР дыстанцуецца ад падтрымкі Масквы, усе дасягненні пуцінскай вайны, мякка кажучы, можна назваць умоўнымі. Украіна, хоць і з вялікай цяжкасцю і са страшнымі стратамі, упэўнена абараняецца і нават ідзе ў контрнаступ. А дзе-нідзе бярэ ворага ў акружэнне. Словам, на нашых вачах адбываюцца гістарычныя падзеі з далёкасяжнымі наступствамі.

Пасля месяца крывавай бойні, зладжанай Уладзімірам Пуціным, мы назіраем падзенне пазіцый і ролі Расеі ва ўсім свеце. Ізаляцыя ад глабальнай эканомікі, санкцыі і ціск з боку цывілізаванага свету прывялі да падзення ўзроўня жыцця насельніцтва ў самой Расеі і да таго, што кіраўніцтва РФ пазбавіла перспектыў сваіх грамадзянаў на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Пра тое, што справы дрэнь, сведчыць таксама тое, што з РФ пачалі масава ўцякаць топ-прапагандысты і высокапастаўленыя чыноўнікі. Неўзабаве мы пачуем на прэс-канферэнцыях выступы набліжаных да Крамля людзей, якія распавядуць многія таямніцы расейскай палітыкі. 

Ваеннае кіраўніцтва РФ на дадзены момант намагаецца памяняць тактыку. Адмовіўшыся ад першапачатковай задачы па імгненным захопе цэнтральнай, усходняй і паўднёвай Украіны, яны вырашылі замацавацца на часова падкантрольных ім тэрыторыях. Пры гэтым заваёўнікі спрабуюць разгарнуць прапагандысцкую работу сярод мясцовага насельніцтва. Аднак, гледзячы па рэакцыі людзей, а таксама ўлічваючы тое, што нават на тэрыторыях, якія апынуліся ў тыле, расейцы працягваюць несці страты ў тэхніцы і жывой сіле, гэтая задума таксама прыносіць мала плёну. Такім чынам, мы назіраем агонію імперыі, якая мела шанец на пераўтварэнне ў сапраўдную дэмакратычную федэрацыю ў пачатку 1990-х, але абрала згубны шлях на будаўніцтва постсавецкай тыраніі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ