Пра армянскі ўрок для беларусаў



Арменія – на мяжы ваеннага перавароту. У адрозненне ад Беларусі, дзе вайскоўцы ў іерархіі сілавых структур займаюць апошняе месца, у краіне, якая пастаянна вядзе войны з моманту абвяшчэння незалежнасці, людзі ў вайсковай форме здольныя нагадаць пра сябе і памяняць палітычны лад у разе патрэбы. Выглядае на тое, што эра кіравання рэвалюцыйнага лідара Нікола Пашыняна набліжаецца да канца. Паводле іроніі лёсу, вайскоўцы, пераход якіх на бок пратэстоўцаў падчас аксамітнай рэвалюцыі 2018 года, забяспечылі перамогу былога апазіцыянера, цяпер адсоўваюць народнага любімца ад кіраўніцтва.

Вострая фаза палітычнага канфлікту паміж грамадзянскай уладай, увасабленнем якой з’яўляецца Нікол Пашынян, і ваеннымі пачалася пасля паразы Арменіі ў кароткай вайне з Азербайджанам, якая мела месца ў верасні-лістападзе 2020 года. Тады мадэрнізаванае войска азербайджанцаў без асаблівай цяжкасці адкінула армянаў з некалькіх ключавых населеных пунктаў непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах. Пераможнае шэсце Азербайджану магло б працягвацца і далей, каб не фактычная капітуляцыя Ерэвана. Армянскі бок пагадзіўся на ўмовы праціўніка, перадаўшы яму ў карыстанне тыя тэрыторыі, якія яшчэ пару гадоў таму ні ў якім разе не аддалі б папярэднікі Нікола Пашыняна. Зразумела, што ў выпадку паразы заўжды пачынаецца пошук вінаватых. Грамадзянская адміністрацыя абвінаваціла вайсковых у няўменні арганізаваць супраціў агрэсару. А вайскоўцы адказалі прэм’еру, заявіўшы пра неэфектыўнае кіраванне і “капітулянцтва”.

Калі намеснік генштаба Арменіі Тыран Хачатран пры падтрымцы абуранай “вуліцы” запатрабаваў адстаўкі прэм’ера, Нікол Пашынян у адказ звольніў начальніка Генштаба і ягонага намесніка. Пры гэтым Нікол Пашынян заявіў пра спробу ваеннага перавароту. Як заўважаюць аглядальнікі, на вуліцах армянскіх гарадоў пакуль што не заўважна перасоўвання ваеннай тэхнікі, але можна не сумнявацца, што пры далейшай эскалацыі сітуацыі Нікол Пашынян будзе вымушаны пакінуць пасаду. І гэта здарыцца, як толькі з ангараў выедзе цяжкая ваенная тэхніка.

На канфлікт паміж грамадзянскай і вайсковай адміністрацыямі ў Арменіі можна было б глядзець выключна як на ўнутраную справу гэтай краіны, калі не браць у разлік штучную прыроду палітычнага крызіса. Пачнем з таго, што Арменія, якая з’яўляецца афіцыйным ваенным саюзнікам Расеі, засталася фактычна сам насам з Азербайджанам падчас апошняй вайны. Масква, якая, па ідэі, мелася дапамагчы абараніць краіну, у якой, дарэчы, знаходзяцца паўнавартасныя вайсковыя базы РФ, не зрабіла нічога. Крэмль дазволіў Азербайджану адваяваць страчаныя ў пачатку 1990-х гг. тэрыторыі, тым самым абваліўшы рэйтынг Пашыняна. Аднак прэм’ер усё адно працягваў сваю незалежніцкую лінію, за што атрымаў спробу вайсковага перавароту. Выглядае на тое, што цяперашняе супрацьстаянне ў Арменіі выклікана не столькі ўнутранымі, колькі знешнімі ўплывамі, далёкімі ад улічвання інтарэсаў армянаў.

Сітуацыя з Арменіяй, якая апынулася на мяжы краху дзяржаўнасці, паказвае, як кіраўніцтва Расеі ставіцца да сваіх саюзнікаў. У выпадку прыходу да ўлады незалежнай палітычнай сілы, зацікаўленай у развіцці дзяржавы і ўзмацненні гаспадаркі, адразу выкарыстоўваецца цэлы набор інструментароў для перафарматавання ўлады рэфарматараў. І Арменія — яскравая ілюстрацыя таго, наколькі небяспечнай можа быць крытычная залежнасць ад аднаго магутнага саюзніка. Беларусь, якая ідзе шляхам паглыбленай інтэграцыі з РФ, наступае на тыя ж граблі, што і армянскі народ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ