Пра балючыя ўцёкі ад метраполіі
Беларуская дзяржава і грамадства апынуліся ў надзвычай складаным становішчы ў звязку з вайной РФ супраць Украіны. З аднаго боку, прадастаўленне тэрыторыі і аб’ектаў ваеннай інфраструктуры для расейскіх войскаў даюць падставы ўкраінскаму боку лічыць Беларусь саўдзельнікам у нападзе. З іншага боку, беларуская армія наўпрост не ўдзельнічае ў вайне. Акрамя гэтага, спляжанае рэпрэсіямі беларускае грамадства працягвае ўпарта сігналізаваць усяму свету пра непрыманне чужой вайны, што не заўважае толькі сляпы. Такім чынам, Беларусь апынулася паміж молатам вайны і кавадлам суадказнасці за злачынства РФ супраць Украіны. Нягледзячы на неадназначную сітуацыю, якая вымагае пошуку адказу на пытанне, у якой ступені Беларусь удзельнічае ў захопніцкай вайне, усё ж у нядаўняй гісторыі постсавецкіх дзяржаваў быў падобны прыклад. Гаворка ідзе пра Украіну ўзору 2008 году, якая апынулася ў дваістым становішчы праз развязаную вайну РФ у Грузіі. Нагадаем, у жніўні 2008 году, адразу пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў, Крэмль ажыццявіў акт агрэсіі супраць Сакартвэла пад прэтэкстам абароны асецінскага насельніцтва Самачабло. У той вайне супраць Грузіі РФ задзейнічала ў тым ліку ў свой флот і размешчаныя ва ўкраінскім Крыме ваенныя базы. Інакш кажучы, з тэрыторыі суверэннай Украіны на вайну з Грузіяй выправіліся караблі РФ і ваенныя часткі, якія ўдзельнічалі непасрэдна ў карнай акцыі.
Былы прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, які прыйшоў да ўлады ў выніку мірнай Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года, у адным з інтэрв’ю шчыра распавядае пра тое, чаму Украіна, з тэрыторыі якой ажыццяўлялася агрэсія супраць Грузіі, не змагла нічога зрабіць. Адказваючы на пытанне грузінскага журналіста Георгія Чадунэлі ў 2014 годзе, Віктар Юшчанка зазначыў, што яму балюча прызнаваць факт, што на суверэннай тэрыторыі краіны, якая традыцыйна ставіцца да Грузіі па-сяброўску, “сфармаваўся кулак агрэсіі”. І далей палітык прызнае, што “ўскосна Украіна апынулася на баку, які прымаў удзел у агрэсіі”. Спрабуючы патлумачыць пасіўную рэакцыю Украіны на тую вайну, ён гаворыць пра безадказную пазіцыю непадкантрольных яму ўрада і парламента, якія не маглі нават выдаць уцямныя заявы з асуджэннем расейскай вайны. Віктар Юшчанка зазначае, што ўрад фактычна праігнараваў шэраг ягоных распараджэнняў адносна супрацьдзеяння расейскім войскам на тэрыторыі Украіны. “І калі трэба было прывесці ў парадак нашыя ўнутраныя рэгламенты, якія вызначаюць рух войскаў чужой дзяржавы па нашай тэрыторыі, урад маё распараджэнне не выканаў”, — распавядае ўкраінскі лідар. Такія паводзіны ўраду ён тлумачыць “нацыянальнай слабасцю, фактарам Расеі і дзеяннямі пятай калоны”. Такім чынам, як мы бачым, што нават маючы ў падпарадкаванні вялікую ў колькасным значэнні армію і дэмакратычна абранага прэзідэнта, які падтрымлівае незалежнасць Грузіі, Украіна нічога не змагла супрацьпаставіць намерам Крамля ў 2008 годзе. Больш за тое, на наступных выбарах прэзідэнта да ўлады прыйшоў прарасейскі палітык Віктар Януковіч. А антыгераіня гэтага эпізоду, прэм’ер Юлія Цімашэнка, у Маскве абдымалася з Уладзімірам Пуціным і публічна адмаўлялася называць бакі канфлікту. У 2014 годзе такая пазіцыя афіцыйнага Кіева прывяла да страты Крыма і вайны, якая доўжыцца дагэтуль.
Урокі Украіны ў нейкай ступені даводзяць нам, што на постсавецкай прасторы за незалежнасць і суверэнітэт трэба часта плаціць дарагую цану. А ўцёкі ад метраполіі заўжды нясуць цэлы набор рызык: ад гандлёвых войнаў да прамой вайсковай агрэсіі. І цяперашняя Беларусь, гуляючы па правілах Масквы, рызыкуе страціць куды больш за Украіну.