Пра беларусізацыю Расеі



Тое, што беларусы займелі палітычную суб’ектнасць, зразумелі, відаць, усе, акрамя ўладаў Беларусі. Каб зразумець, якую метамарфозу перажыло беларускае грамадства за апошнія месяцы, лепш за ўсё прааналізаваць тое, як памянялася стаўленне суседзяў да нас. Самы паказальны прыклад — расейскае грамадства. Нельга сказаць, што расейцы да беларусаў ставіліся калісьці раней кепска. З году ў год сацыялагічныя даследаванні паказвалі нязменна добрае стаўленне жыхароў РФ да беларусаў, якія традыцыйна займалі першае месца на п’едэстале сяброўскіх ім народаў. Гэтаму садзейнічала тое, што беларусы ўспрымаліся і працягваюць успрымацца расейцамі як самы блізкі паводле мовы і каштоўнасцяў народ, які ў большасці сваёй не займае антаганістычную пазіцыю ў дачыненні да былой метраполіі. Тое, што такая візія мае мала супольнага з рэчаіснасцю, – іншае пытанне, якое сведчыць пра заняпад расейскай гуманітарнай навукі ўвогуле і аналітычных структур у прыватнасці. Аднак факт застаецца фактам: расейцы да нядаўняга часу лічылі беларусаў своеасаблівым адгалінаваннем свайго народу з налётам еўрапейскасці. Таму з задавальненнем сотні тысяч жыхароў суседняй краіны прыязджалі ў Беларусь на вакацыі і ў адпачынак. Але працяглы і ўнікальны па сваёй прыродзе пратэст супраць улады, на які аказаліся здатнымі беларусы, шакаваў суседзяў і прымусіў іх пераглядзець сваё стаўленне да нас як да нацыі.

 Гледзячы на тое, як расейскае грамадства рэагуе на падзеі ў Беларусі, можна выдзеліць два асноўныя дыскурсы. Згодна першаму, якога прытрымліваецца ліберальная частка расейскага грамадства, беларусы – узорная палітычная нацыя з надзвычайным узроўнем салідарнасці, крэатыўнасці, высокай культуры і самаахвярнасці. Дастаткова паглядзець сотні відэасюжэтаў, у якіх аўтарытэтныя расейцы прама выказваюць захапленне беларусамі. І гэтыя відэа набіралі мільёны праглядаў. У выніку, калі антыўрадавыя пратэсты распачаліся ў самой Расеі, невыпадкова ў шэрагах удзельнікаў акцый узняліся бел-чырвона-белыя штандары і загучаў лозунг “Жыве Беларусь!”. Нават жыхары сібірскіх гарадоў скандавалі лозунгі на беларускай мове, што дало падставы для шматлікіх жартаў пра “беларусізацыю Расеі”.

 Але, нягледзячы на відавочную эмпатыю да беларускай рэвалюцыі з боку вялікай колькасці расейцаў, нікуды не падзеліся тамтэйшыя шавіністы і імперцы, якія, аднак, пад уплывам падзей вымушаныя таксама правесці рэвізію сваёй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Паводле новага дыскурсу расейскіх імперыялістаў, ранейшае адмаўленне суб’ектнасці беларускай нацыі не мае практычнага сэнсу. Больш за тое, працяг такой лініі прывядзе ў перспектыве да канчатковага разрыву сувязяў паміж двума народамі. Усведамляючы бясплённасць ранейшых падыходаў, расейскія інтэлектуалы з імперскім мысленнем пераглядзелі свае пазіцыі. Цяпер яны пагаджаюцца з тым, што беларусы адбыліся як нацыя. І новыя ўздзеянні накіраваныя на тое, каб шукаць агульнае, што можа аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць. Таму ў сацыяльных сетках і на ютубе апошнім часам сталі з’яўляцца нетыповыя ролікі, у якіх аддаецца пашана вялікім беларусам-стваральнікам Расейскай імперыі. І такіх сюжэтаў з цягам часу будзе ўсё больш, бо многія выхадцы з мясцовай арыстакратыі ў ХІХ-ХХ стагоддзях цалкам сябе добра адчувалі ў рамках Расейскай імперыі.

 Як ставіцца беларусам да таго, што расейскія інтэлектуалы імкнуцца навязаць беларусам супольных герояў? Як ні парадаксальна, такі падыход – гэта першы крок у бок гістарычнага паразумення беларусаў і расейцаў. Калі нават маргінальныя акадэмічныя колы і аналітыкі змірыліся з суб’ектнасцю беларускай нацыі і сталі заігрываць з намі, небяспека анексіі ці аншлюсу з кожным днём марнее. Больш за тое, як паказваюць апошнія падзеі ў самой Расеі, мы маем куды большыя інструменты ўплыву на грамадства РФ, чым расейцы на нас. Гэта значыць, будучыня ў беларускага нацыянальнага праекту дакладна ёсць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ