Пра беларускае «чатырохмоўе»
26 гадоў незалежнасці не прайшлі дарма. У нацыянальным аэрапорце Менск нарэшце з’явіліся таблічкі, у якіх даецца інфармацыя па-беларуску. Што праўда, беларускамоўныя надпісы размяшчаюцца пасля рускамоўных і англамоўных радкоў. Затое перад кітайскай мовай. Частка інтэрнаўтаў адрэагавала на навіну пра „чатырохмоўе” аэрапорта вельмі станоўча. Маўляў, мы дамагліся таго, каб надпісы дубляваліся па-беларуску. І сапраўды, яшчэ пару тыдняў таму многія госці Беларусі і грамадзяне дзяржавы задуменна чухалі патыліцы, калі бачылі абвесткі ў нацыянальным аэрапорце па-расейску, ангельску і кітайску. Пазначаць беларускую мову адміністрацыя ўстановы тады не палічыла патрэбным. Маўляў, у нас шмат турыстаў, яны беларускую мову не ведаюць. І ўвогуле, расейская — адна з васьмі моваў, якія маюць статус міжнароднай, у адрозненне ад беларускай. Пасля таго, як некаторыя неабыякавыя грамадзяне пачалі бамбардаваць скаргамі адміністрацыю аэрапорта, беларускамоўныя надпісы раптоўна з’явіліся. Што праўда, не на першым месцы. Такі сігнал усім нам: трымайце сваю мову, толькі адчапіцеся.
Для з’яўлення беларускамоўных надпісаў у нацыянальным аэрапорце давялося арганізаваць 5 Інтэрнэт-петыцый. І вось да аматараў „міжнародных моваў” дайшло, што ігнараваць беларусаў у Беларусі нельга. Хаця ўсё-такі ўзнікаюць пытанні адносна парадку размяшчэння моваў на інфармацыйных табло. Чаму беларускую паставілі трэцяй? Няўжо ў Беларусі на роднай мове размаўляе менш людзей, чымся на ангельскай ці на кітайскай?
У пачатку студзеня Юнэска апублікавала новую класіфікацыю моваў, якія выміраюць. Беларуская, згодна заключэннем экспертаў, трапіла ў групу моваў, якія выклікаюць занепакоенасць. Да вымірання далёка, але калі ў нацыянальных аэрапортах будуць працягваць ігнараваць носьбітаў карэннай мовы, то мы дакладна перамесцімся ў групу «моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».