Пра беларускі фаталізм



У шматлікіх інтэрв’ю медычных спецыялістаў, якія апынуліся на перадавой змагання з каронавірусам, у асноўным агучваюцца тры тэзісы, з якімі трэба змірыцца. Па-першае, новым вірусам перахварэе практычна ўсё насельніцтва планеты. Па-другое, вакцыны ад падступнай пошасці пакуль што не знойдзена, хоць працы над лекамі вядуцца лабараторыямі па ўсім свеце. Па-трэцяе, на гэты час адзінай магчымасцю прафілактыкі з’яўляецца асабістая гігіена і сацыяльнае дыстанцыяванне. Апошні пункт стаў прадметам кпінаў публіцыстаў, якія задаюцца пытаннем, чаго вартая сучасная цывілізацыя з яе дасягненнямі, калі адзіным сродкам ад каронавірусу з’яўляецца мыццё рук.

Калі мыццё рук – гэта справа асабістая, якую складана пракантраляваць, то ёсць крытэры, якія дазваляюць зрабіць выснову адносна ўзроўню сацыяльнай адказнасці грамадзянаў ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Гаворка ідзе пра сацыяльнае дыстанцыяванне і нашэнне масак. У некаторых краінах, ахопленых эпідэміяй, сацыяльнае дыстанцыяванне – гэта абавязковае патрабаванне. У дачыненні да парушальнікаў праваахоўныя органы могуць праявіць як папярэджанне, так і штрафныя санкцыі. Што да нашэння масак і рэспіратараў, то нават нашыя суседзі па глобусе, літоўцы, увялі абавязковае правіла выкарыстоўваць маску пры з’яўленні ў публічным месцы. Тэма выкарыстання масак выклікае дыскусіі ў сацыяльных сетках. Апаненты абапіраюцца на рэкамендацыі СААЗ, з якіх вынікае, што нашэнне масак для здаровых людзей мае мала сэнсу. З гэтым няцяжка пагадзіцца. Праблема, аднак, заключаецца ў тым, што ў большасці носьбітаў covid-19 хвароба, прынамсі на пачатковым этапе, можа працякаць бессімптомна. Затое такі чалавек можа заразіць мноства іншых людзей. Вось якраз для мэтаў прафілактыкі лекары і раяць насіць маскі. Умоўна кажучы, тваё здароўе, гэта не толькі вынік клопату пра свой стан. Але і адказнасць за іншага. Апранаючы маску, ты абараняеш свайго суседа. А ён, калі ў масцы, абараняе цябе. 

Галоўны лекар менскай 3-й дзіцячай бальніцы Максім Ачарэтні, які адным з першых заклікаў грамадзянаў заставацца дома, у адказах сваім падпісчыкам зазначае, што нашэнне маскі ў цяперашніх складаных умовах – гэта добры тон. Інакш кажучы, сорамна павінна быць тым грамадзянам, якія не дбаюць пра здароўе іншых. Разам з тым, вядома, ёсць адваротны бок медалю, калі нашэнне масак становіцца пэўным фетышам ці элементам прыналежнасці да субкультуры.

Каб зразумець стаўленне беларусаў да небяспечнай інфекцыі, не трэба праводзіць складаных сацыялагічных даследаванняў. Дастаткова праехаць грамадскім транспартам, схадзіць у краму альбо проста прайсціся па цэнтральнай вуліцы гораду. Чыста візуальна прыблізна траціна беларусаў на вуліцы перасоўваецца ў масках. Калі казаць пра сферу абслугоўвання, то часта там меры гігіены ўспрымаюцца як фармальнасць. Стомленыя ад працы касіркі апускаюць маскі на падбароддзі. Кандуктары ў транспарце, пакашліваючы ў кулак, адлічваюць драбязу пасажырам. Гэта, вядома, можна патлумачыць беларускім фаталізмам. Маўляў, мы ўсе і так памром у вызначаны час. Але нешта падказвае, што ў айчыннага фаталізму банальныя вытокі: нізкі ўзровень адказнасці афіцыйных элітаў, якія займаюцца самасупакаеннем насуперак сваёй першаснай місіі – клопату пра людзей. У гэтым можна пераканацца, паглядзеўшы некаторыя дзяржканалы, дзе навінам пра каронавірус адведзеная другая ці трэцяя пазіцыя, а на першым плане – навіны пасяўной ці нафта-газавыя баталіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ