Пра беларускіх сноўдэнаў



Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне выдала новы прапагандысцкі прадукт пра змаганне са шпіёнамі ва ўласных шэрагах. Матэрыял з гучнай назвай “Манкурты” распавядае пра некалькіх высокапастаўленых сілавікоў, якія, маючы доступ да сакрэтнай інфармацыі, перадавалі яе ў апазіцыйныя тэлеграм-каналы і прадстаўнікам эміграцыйных колаў. Праўда, увесь час гледачу голас за кадрам настойліва тлумачыць, што насамрэч за спінамі адрасатаў сакрэтнай інфармацыі стаяць нейкія лялькаводы. Словам, мы маем справу ўсё з тым жа падыходам, які можна назваць папулярнай канспіралогіяй. Аўтары відэа шчыра не вераць у тое, што пратэсты маюць агульнанацыянальны характар і закранаюць абсалютна ўсе прафесійныя, сацыяльныя, узроставыя і іншыя групы насельніцтва. Адпаведна, за кожным злівам з нетраў спецслужб, згодна карціны свету такіх людзей, стаіць праца нейкай спецслужбы, а не шчырае памкненне дапамагчы руху за грамадзянскія правы.

Калі коратка, у стужцы гаворыцца пра двух афіцэраў, якія злівалі інфармацыю на Захад. Абодва сілавікі на гэты момант арыштаваныя, даюць паказанні, ім пагражае да 20 гадоў за здраду дзяржаве. Найбольш гучны выпадак — арышт падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча, які нібыта перадаваў Сцяпану Пуцілу аўдыёзапісы размоваў Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Баскава, Мікалая Латышонка і іншых набліжаных да кіраўніка дзяржавы асобаў. Другі фігурант Дзмітрый Урад, у званні капітан, падчас дзяжурства ў генштабе нібыта сфатаграфаваў дакумент за подпісам міністра ўнутраных справаў, які звяртаецца ў Мінабароны з просьбай аб выкарыстанні вайскоўцаў у ахове адміністрацыйных будынкаў на перыяд пратэставых акцый у сакавіку. Гэты дакумент апублікавалі потым некалькі тг-каналаў, якія ўлады лічаць экстрэмісцкімі. Затрыманне абодвух супрацоўнікаў у фільме падаецца як вялікі поспех контрвыведкі, якая стаіць на варце дзяржаўных інтарэсаў.

Паглядзеўшы гэтае кіно пра “шпіёнаў і бравых чэкістаў”, выразна чытаюцца тры месыджы, якія хацелі накіраваць пэўным адрасатам стваральнікі.

Відавочна, галоўнымі спажыўцамі гэтай відэапрадукцыі павінны быць прадстаўнікі афіцыйных элітаў, якіх супакойваюць тым, што “ўсё пад кантролем”, ніякага браджэння ў органах няма і быць не можа. Інакш кажучы, у кіраўніцтва краіны не павінна ўзнікаць ніякіх сумневаў у лаяльнасці сілавога блока.

Другой мэтавай групай з’яўляюцца самі сілавікі, якім на прыкладзе арыштаваных афіцэраў паказваюць, што іх чакае, калі яны вырашаць прымкнуць да лагеру прыхільнікаў пераменаў. І вось гэта, здаецца, самае цікавае. Па-першае, завуаляваныя пагрозы супрацоўнікам розных сілавых структур пераканаўча разбураюць міф пра ўсебаковую падтрымку рэжыму з боку людзей у форме. У адваротным выпадку не давялося б паўтараць мантру пра “здраднікаў”, якія панясуць суворае пакаранне. Па-другое, сам факт таго, што высокапастаўленыя сілавікі працяглы час перадавалі сакрэтную інфармацыю ў незалежныя тг-каналы – гэта пракол спецслужбаў, як бы яны цяпер не пераконвалі ўсіх у адваротным.

Трэцяя мэтавая група – беларускія грамадзяне, якія павінны ўбачыць, што спецслужбы дзейнічаюць вельмі эфектыўна і зладжана, таму ніякай надзеі на перамены ў выніку пераходу сілавікоў на бок народу не можа быць у прынцыпе. Але замест эфекту дэмаралізацыі гледачы атрымалі зарад “энергіі і рашучасці”, убачыўшы, што сярод сілавікоў багата тых, хто падтрымлівае перамены і гатовы пайсці на смяротную рызыку дзеля будучыні Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ