Пра безнадзейнае змаганне з бел-чырвона-белым сцягам
Тэлеграм-канал сервільнай арганізацыі БСЖ апублікаваў інфармацыю пра тое, што ў КДБ паступіў на ўзгадненне праект акта МУС “Аб усталяванні спісу арганізацый і іншых структур, нацыстоўскай сімволікі і атрыбутыкі”. У дадзеным дакуменце нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і купалаўскі лозунг “Жыве Беларусь” атаясамліваюцца з нацыстоўскімі сімваламі, якімі карысталіся калабарацыяністы ў гады ІІ Сусветнай вайны. У лаканічным паведамленні праўладных журналістаў паўтараецца шэраг вядомых фактаў пра выкарыстанне некалькімі арганізацыямі, якія дзейнічалі ў гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі, беларускай нацыянальнай сімволікі. Што цікава, ніводная з пералічаных арганізацый (СБМ, БКА, БЦР і г.д.) на Нюрнбергскім трыбунале не была прызнаная злачыннай. Але афіцыйных прапагандыстаў гэты факт зусім не засмучае. Яны ўключыліся ў безнадзейнае змаганне з нацыянальнымі сімваламі, якія перажылі Расейскую імперыю, СССР. І перажывуць цяперашні час дакладна.
Не хочацца прыводзіць вядомыя ўсім звесткі пра тое, што стваральнік бел-чырвона-белага палотнішча Клаўдзій Дуж-Душэўскі выратоўваў габрэяў падчас ІІ Сусветнай, за што і апынуўся ў нацыстоўскім канцлагеры. Не надта карціць разбірацца ў гісторыі лозунга “Жыве Беларусь”, створанага вялікім Янкам Купалам у пачатку ХХ стагоддзя. Здаецца, ужо нават самы лянівы прачытаў падборку фактаў пра беларускія сімвалы і зрабіў свае высновы. Заўважым, што нават прадстаўнікі афіцыйных элітаў не асабліва дэманструюць еднасць па пытанні забароны бел-чырвона-белага сцяга. Такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы выказванні некаторых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сябраў праўладных творчых саюзаў і нават асобных палітыкаў-лаялістаў. Самыя разумныя з іх цудоўна ўсведамляюць, што змагацца з сімваламі, якія сталі каштоўнасцю для мільёнаў, – такі сабе занятак. Асобныя таварышы з развітым інстынктам самазахавання разумеюць, што прыраўнованне бел-чырвона-белага сцягу да нацыстоўскай сімволікі – гэта чарговы самастрэл. Больш за тое, вывучэнне сусветнай гісторыі падказвае, што забарона сімвалаў, якія сталі сакральнымі для нацыі, пераводзіць змаганне ў іншую плашчыню. Можна дзесяцігоддзямі ўтрымліваць уладу, гуляючы на слабасцях апанентаў. Тыранія, як паказвае досвед чалавецтва, можа быць таксама дастаткова ўстойлівай, але не тады, калі правадыр адмаўляе каштоўнасці свайго народу. Змаганне за дэмакратыю можна прайграць, але нацыю, якая ўзнялася на нацыянальна-вызваленчую барацьбу, перамагчы немагчыма. А менавіта такая перспектыва маячыць перад распрацоўшчыкамі дадзенага законапраекта. Фактычна яны, уводзячы забарону на сімвалы, што сталі неад’емнай часткай беларускага нацыянальнага праекта, які распачаўся ў канцы ХІХ стагоддзя, супрацьпастаўляюць сябе ўсяму здабытку беларускага народа, выводзяць сябе за межы супольнасці беларусаў.
Калі ў 2017 годзе ўлады пайшлі на прыняцце Дэкрэта “Аб дармаедах”, яны знішчылі падмурак мінімальнага даверу і зруйнавалі легітымнасць. Калі ў 2021 годзе будзе прыняты закон аб прыраўнованні бел-чырвона-белага сцяга да нацыстоўскай сімволікі, то гэта будзе пачаткам нацыянальна-вызваленчага змагання, у якога можа быць толькі адзін фінал: поўная капітуляцыя ненавіснікаў Беларусі.