Пра будучага прэзідэнта Расеі Віталя Наліўкіна



Цяперашні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыйшоў да ўлады пасля ашаламляльнага поспеху камедыйнага серыялу “Слуга народу”, у якім ён граў ролю сціплага настаўніка гісторыі Галабародзьку, што эмацыйна неяк выказаўся пра рэаліі ўкраінскай палітыкі. Паводле сюжэта сіткому, размову педагога таемна запісалі на мабільны вучні і выклалі на ютуб. Гэты спіч прынёс настаўніку славу, пасля чаго ён пайшоў у прэзідэнты і перамог. Праз тры гады пасля старту серыялу стала ясна, што шматсерыйная карціна “Слуга народа” была неад’емнай часткай палітычнай кампаніі будучага кандыдата ў прэзідэнты Украіны Уладзіміра Зяленскага. Некаторыя ўкраінскія інтэлектуалы, кшталту Аксаны Забужкі, нават заявілі пра тое, што Украіна стала полем для “эксперыментаў”. Аднак, насуперак самым змрочным прагнозам крытыкаў, некалькі год кіравання Уладзіміра Зяленскага не прывялі да страты незалежнасці ці іншых катастрафічных наступстваў. На дадзены момант можна канстатаваць, што прэзідэнт Зяленскі, калі кагосьці моцна і расчараваў, дык гэта найперш гаспадароў Крамля, якія разлічвалі атрымаць у ягонай асобе зручнага правадніка іх інтарэсаў.

І вось Расея, якая, паводле меркаванняў аматараў канспіралогіі, спрычынілася да поспеху ў кар’еры ўкраінскага палітыка Уладзіміра Зяленскага, сама апынулася ў пяці хвілінах ад таго, каб падтрымаць выдуманага персанажа. У адрозненне ад Украіны, расейская альтэрнатыва, аднак, не выглядае прывабна. У расейскім сегменце сацыяльных сетак і на ютубе набірае шалёную папулярнасць “мэр выканкама Усурыйска” Віталь Наліўкін. Пад гэтым псеўданімам у відэароліках выступае новая рэінкарнацыя Робін Гуда, толькі са спасылкай на расейскую дэпрэсіўную рэчаіснасць. На твары наваспечанага барацьбіта за інтарэсы простых людзей — наступствы асацыяльнага ладу жыцця кшталту зламанага носу і слядоў працяглага алкагалізму. Апрануты ў чыноўніцкі гарнітур сіняга колеру, з вялікім трыкалорам на лацкане пінжака, чалавек з кароткай фрызурай і манерамі чэкіста, нагадвае галоўнага расейскага правадыра. Дакладней, ягонага антыпода, які не адгароджваецца ад суграмадзянаў высокай крамлёўскай сцяной, але дэманструе максімальную блізасць да “простага чалавека”. У роліках, якія набіраюць мільёны праглядаў, Віталь Наліўкін змагаецца абсурднымі метадамі з сацыяльнымі бядотамі, што ігнаруюцца мясцовымі ўладамі дзесяцігоддзямі. Напрыклад, вырашае праблему драпежніцкіх мікрапазык з дапамогай гранатамёту. Альбо ачышчае забруджанае выкідамі гарадское возера ачышчальнымі сродкамі з пластыкавых бутэлек. Ягоныя ўчынкі — гэта сатыра, якая прымушае мясцовых чыноўнікаў варушыцца. Як і варта было прагназаваць, поспех Наліўкіна, з якога смяецца ўся Расея, вельмі не спадабаўся ўладам. Праз нейкі час стваральнікаў ютуб-серыяла пачалі пераследваць, акцёрам даваць суткі і рэальныя тэрміны, а на офісе прадусарскай кампаніі-стваральніка прадукта прайшлі ператрусы. Словам, улада не стала чакаць, пакуль віртуальны Наліўкін раптам захоча балатавацца ў прэзідэнты. І нешта падказвае, што поспех Уладзіміра Пуціна на новых выбарах пры такім раскладзе наўрад ці быў бы такім бесклапотным, як раней. Крэмль прыбраў патэнцыйнага канкурэнта яшчэ на ўзлёце, зразумеўшы небяспеку паўтарэння лёсу ўкраінскага “слугі народу” Васіля Галабародзькі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ