Пра чарговы сімптом заняпаду рэжыму
Доўгія гады абставіны жыцця прадстаўнікоў афіцыйных элітаў для большасці насельніцтва Беларусі заставаліся таямніцай за сямю пячаткамі. Грамадства атрымлівала ўяўленне пра жыхароў эмпірэяў толькі з афіцыйных прэс-рэлізаў, прапагандысцкіх пастановак і рэдкіх публікацый ананімных крыніц. Месца жыхарства, сяброўскія адносіны, звычкі і манеры камунікацыі з калегамі высокапастаўленых асобаў — гэта ўсё было вядома вузкаму колу. І ўсе гэтыя сакрэты ўлады ахоўваліся шматлікімі спецслужбамі больш за сапраўдныя дзяржаўныя таямніцы. Такі падыход фармаваў ва ўладаў імідж насельнікаў Алімпа, жыццё якіх не падпарадкоўваецца прынятым нормам і законам. І працяглы час такая сітуацыя збольшага задавальняла большасць беларускага грамадства, якое не звяртала ўвагу на тое, як і чым жыве кіраўніцтва краіны. Улада і народ існавалі ў паралельных сусветах, якія рэдка калі перасякаліся. І вось пасля падзей 2020 года, калі беларусы прадэманстравалі свету імкненне да пераменаў, аказалася, што ўсё таемнае становіцца яўным. І ў высокапастаўленых чыноўнікаў, нават пры жаданні, не атрымліваецца прыхаваць за высокім плотам нюансы прыватнага жыцця.
Беларускую інфармацыйную прастору скалынаюць вось ужо два тыдні скандальныя ўкіды тэлефонных размоваў асобаў, набліжаных да кіраўніка дзяржавы. Гаворка ідзе пра бліжняе атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, людзей, якія разам з ім адпачываюць і займаюцца спортам. Першы зліў тэлефоннай размовы адбыўся праз некалькі дзён пасля гібелі жыхара Плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі. У галасах двух суразмоўцаў, хоць мы не можам на 100 % сцвярджаць гэта, можна пазнаць тытулаванага кікбаксёра Дзмітрыя Шакуту і кіраўніка БФХ Дзмітрыя Баскава. Абодва спартоўцы актыўна ўдзельнічалі ў аўтапрабегах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, арганізоўвалі рэйды па спальных мікрараёнах, дзе дапамагалі сілавікам прыбіраць бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі. З размовы, выкладзенай у Інтэрнэце, вынікае, што яны маглі прысутнічаць каля Плошчы Пераменаў у вечар, калі здарылася трагедыя з Раманам Бандарэнкам. Пазней была выкладзеная размова прэс-сакратаркі прэзідэнта Наталлі Эйсмант з тым жа самым Баскавым, у якой раскрываюцца дэталі антыапазіцыйных рэйдаў. І апошняе — размова ўсё той жа Эйсмант з ахоўнікам Лукашэнкі Латышонкам. У апошнім зліве гаворыцца пра тое, што эпідэмія кавіду не шкадуе бліжэйшае атачэнне кіраўніка дзяржавы, называюцца прозвішчы чыноўнікаў, якія ляжаць у бальніцы на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Відавочна, распаўсюду небяспечнага віруса спрыяе ігнараванне элементарных мер бяспекі. Жанчына, голас якой належыць, хутчэй за ўсё, прэс-сакратарцы, распавядае пра тое, што адзін з апаратчыкаў, у былым супрацоўнік КДБ, будучы хворым, пабаяўся на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі дастаць антыкавідную маску.
Злівы тэлефонных размоваў высокапастаўленых людзей дэманструюць тое, што цяперашнія эліты не ў поўнай меры кантралююць сітуацыю ўласнай бяспекі. Незалежна ад таго, хто ініцыяваў праслухоўванне і злівы канфідэнцыйнай інфармацыі, відавочна, у беларускім палітычным крызісе пачалі сябе праяўляць сілы, якія аказваюць ціск на ўладу для дасягнення нейкіх сваіх мэтаў. Гэта могуць быць як групоўкі ўнутры беларускага сілавога блоку, які мы прызвычаіліся ўяўляць маналітным. Другі варыянт — спецслужбы іншай краіны, якія намагаюцца прымусіць афіцыйны Менск пайсці на саступкі ў пэўных пытаннях. Цікава, што ўлада, хоць прайшло амаль два тыдні з моманту публікацыі першай размовы, дагэтуль гуляе ў маўчанку. Гэта значыць, што для іх такія інфармацыйныя дыверсіі сталі поўнай нечаканасцю і дэмаралізуючым фактарам. У любым выпадку злівы тэлефонных размоваў паказваюць, што зямля сыходзіць з-пад ног людзей, якія дагэтуль імкнуцца пераканаць усіх у сваёй усемагутнасці. І гэта, бадай што, чарговая прыкмета незваротнасці пераменаў, якіх так прагнуць мільёны беларусаў.