Пра далейшы шлях у бок узмацнення бюракратыі



Дзяржаўныя СМІ бадзёра паведамляюць пра тое, што неўзабаве ў Беларусі з’явіцца новае міністэрства. Называцца “новы” орган выканаўчае ўлады будзе так: Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі. Аднак пры дэталёвым разглядзе гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Насамрэч гаворка ідзе не пра стварэнне, а пра рэбрэндынг існага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Што праўда, на адмысловай нарадзе з удзелам кіраўніка дзяржавы гаворыцца пра тое, што пераўтварэнні робяцца не дзеля “замены шыльды, а для змянення функцый і задач ведамства”. Інакш кажучы, нас пераконваюць у тым, што Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі будзе ісці ў нагу з часам і адказваць на разнастайныя выклікі сучаснасці.

З’яўленне “новага” Міністэрства, ці, скажам, наданне новых функцый старому — заканамерная тэндэнцыя ў дзяржаве, якая, з аднаго боку, імкнецца да татальнага кантролю над грамадствам, а, з іншага, дзеля забеспячэння гэтай мэты максімальна раздзімае бюракратычны апарат. Замест рэформы ўраду і скарачэння колькасці чыноўнікаў, як тое назіраецца ў развітых эканамічна краінах, Беларусь ідзе па шляху адсталых аўтакратый, якія забяспечваюць сваё існаванне ў тым ліку дзякуючы моцнаму чынавенскаму класу. У дадзены момант Беларусь з’яўляецца паводле колькасці міністэрстваў адной з самых забюракратызаваных краін Еўропы. Нават у Расеі, якая не з’яўляецца ўзорам сістэмы эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, на дадзены момант працуюць 21 міністэрствы. Для параўнання: ва Украіне налічваецца 17 міністэрстваў. А ў ЗША – усяго 15 дэпартаментаў. На дадзеных прыкладах мы бачым пэўную залежнасць: чым больш рынкавых свабодаў і дэмакратыі ў той ці іншай краіне, тым меншая колькасць міністэрстваў. Беларусь у гэтым сэнсе — прыклад дзяржавы, якая імкнецца максімальна рэгуляваць разнастайныя сферы жыцця соцыюму. А вось існаванне некаторых міністэрстваў, аналагічных беларускім, увогуле немэтазгоднае ў развітых краінах. Міністэрства культуры ажыццяўляе нагляд за сферай, якая ў аўтарытарнай дзяржаве закліканая прасоўваць афіцыйныя ідэалагічныя ўстаноўкі. Іншым бокам дзейнасці гэтага органу з’яўляецца цэнзура нелаяльных творцаў. Міністэрства інфармацыі займаецца рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі. Інакш кажучы, дзяржава даручае гэтаму органу функцыю кантроля над медыясферай, што ў беларускім выпадку азначае цэнзуру для неафіцыйных СМІ і ўсебаковую падтрымку лаяльным сродкам масавай інфармацыі. Будучаму Міністэрству лічбавага развіцця будуць надавацца ўсё тыя ж функцыі, уласцівыя ягонаму папярэдніку Мінсувязі, але, сыходзячы з тэндэнцый развіцця дзяржавы, больш увагі скіруецца на забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, змаганне з “кіберзлачыннасцю” і блакаванне непатрэбных для ўлады рэсурсаў, сацыяльных сетак і іншых крыніц атрымання альтэрнатыўных дадзеных. Інакш кажучы, будучае Міністэрства рызыкуе пераўтварыцца з чыста тэхнічнага ведамства, адказнага за развіццё камунікацый, у дадатковы кантралюючы орган. Беларусь прадказальна ідзе ў напрамку далейшага згортвання свабод і дэмакратыі, што ў канчатковым выніку зробіць дзяржаву неканкурэнтаздольнай і несучаснай на фоне іншых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ