Пра дату, на якую забылася дзяржава



У суседняй Украіне поўнай хадой вядзецца падрыхтоўка да маштабнага адзначэння 30-годдзя незалежнасці. Па тамтэйшым ТБ ва ўсю круцяць сацыяльныя ролікі пра любоў да Украіны. Армія рыхтуецца да ўрачыстага параду. Анансуюцца канцэрты з удзелам поп-зорак. У Беларусі падобнага ажыятажу вакол круглай даты няма. Нацыянальна-дэмакратычныя асяродкі фактычна разгромленыя, а так званыя ўлады паслядоўна пляжаць пазасталыя атрыбуты незалежнасці.

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў сілу закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, якая была ўхваленая дэпутатамі 27 ліпеня 1990-га года. Абвяшчэнню незалежнасці Беларусі папярэднічала спроба путчу ў Маскве, які спрабавалі арганізаваць кансерватыўная частка камуністычнай партыйнай эліты. Беларускія паплечнікі маскоўскіх таварышаў тады занялі чакальніцкую пазіцыю. Аднак усё хутка вырашылася. Пасля паразы путча ГКЧП на вуліцы Менску выйшлі дзясяткі тысяч людзей з нацыянальнымі сцягамі, а парламенцкая група дэпутатаў БНФ, змагла пераканаць дэмаралізаваных камуністаў у непазбежнасці краху СССР. За незалежнасць прагаласавалі 253 дэпутаты з 265. З гэтага моманту пачаўся адлік гісторыі новай дзяржавы беларусаў, сімваламі якой сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, а беларуская мова займела статус дзяржаўнай.

Чаму ўлады Беларусі не надта акцэнтуюць увагу на важнай для беларускага грамадства даце? На гэта ёсць некалькі адказаў. Па-першае, святкаванне 30-годдзя з моманту з’яўлення незалежнай беларускай дзяржавы супярэчыць асноўнаму тэзісу афіцыйнай прапаганды, згодна якому пачатак гісторыі незалежнай Беларусі бярэ адлік з абрання Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Па-другое, абвяшчэнне незалежнасці 25 жніўня 1991 года адбывалася пад ненавіснымі для цяперашніх уладаў сімваламі: бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”. Менавіта гэтыя сімвалы цяпер усяляк дэманізуюцца праўладнымі прапагандыстамі. Па-трэцяе, вялікую ролю ў абвяшчэнні незалежнасці ў 1991-м годзе адыгралі дэпутаты ад БНФ, а не тыя людзі, якія некалькімі гадамі пазней апынуліся ля стырна краіны.

30-годдзе краіны магло б стаць важнай падзеяй, якая б кансалідавала беларускую нацыю. Але на гэтым этапе кіраўніцтва дзяржавы робіць акцэнт на датах, якія хутчэй раз’ядноўваюць. Дэклараванае свята нацыянальнай еднасці 17 верасня – прамая адсылка да савецкай эпохі, калі беларускі народ не меў палітычнай суб’ектнасці. Зрэшты, менавіта такі стан беларускага грамадства, пазбаўленага сваёй волі, з’яўляецца найбольш пажаданым для цяперашняй улады, якая толькі ў страшным сне бачыць тое, як мільёны людзей не па прымусе, а па ўласным жаданні і пад сваімі сімваламі будуць гатовыя выходзіць на вуліцы і святкаваць ўгодкі нараджэння краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ