Пра дэбеларусізацыю Украіны



Прадпрыемства “Київхліб” змяніла назву для цёмнага заварнога хлеба “Беларускі”. Цяпер папулярны сярод украінскіх пакупнікоў прадукт будзе называцца больш патрыятычна: “Отаманський”. Вырабнік запэўнівае спажыўцоў, што рэцэптура іх улюбёнага хлебу застанецца нязменнай. У рашэнні, якое прыняла камерцыйная ўстанова, здаецца, няма ніякай праблемы, паколькі менавіта гаспадару бізнеса належыць права вырашаць, як будзе называцца тая ці іншая прадукцыя. Тым больш, гаворка ідзе пра суседнюю краіну, жыхары якой не абавязаныя па факце любіць усё, што звязанае з прыметнікам “беларускі”. Аднак перайменаванне папулярнай маркі хлеба ўсё ж адлюстроўвае пэўную тэндэнцыю ва ўкраінскім грамадстве, якая ў бліжэйшы час будзе толькі ўзмацняцца. Можна сказаць, Украіна на фоне вайны ўзяла ўпэўнены курс не толькі на дэрусіфікацыю сваёй сімвалічнай прасторы, але і на развітанне з сімпатыямі да ўсяго беларускага.

Яшчэ некалькі месяцаў таму немагчыма было ўявіць, што ўкраінцы будуць ствараць петыцыі па перайменаванні назваў метро, звязаных з Беларуссю. Ці імкнуцца вызваляць палічкі крамаў і супермаркетаў ад беларускай прадукцыі. Параўнальна нядаўна надпіс на якім-небудзь маргарыне, што ён выраблены ў Беларусі, гарантаваў прадукту 100% рэалізацыі. Шараговыя ўкраінцы любілі беларусаў толькі па факце іх сіняга пашпарту, што выяўлялася не толькі кантактамі мільёнаў нашых суайчыннікаў з суседзямі ў мірны час на курортах Чорнага мора, але і пацвярджалася дадзенымі сацыялогіі. І вось усё кардынальна змянілася. Згодна дадзеным агенцыі “Рэйтынг”, якая правяла агульнанацыянальнае даследаванне ва Украіне адносна ідэалагічных маркераў вайны, да жыхароў Беларусі станоўча ставяцца толькі 22% украінскіх рэспандэнтаў. За год, як адзначаюць сацыёлагі, паказнік пагоршыўся ў тры разы. Такім чынам, улада Беларусі ўмудрылася сваёй падтрымкай агрэсіі Крамля супраць Украіны зрабіць немагчымае: украінцы перасталі ў асноўнай масе любіць беларусаў. І такі рэзкі паварот у сацыялогіі азначае адно: у бліжэйшыя дзесяцігоддзі аднаўленне даваенных адносін выглядае маларэальным.

Нягледзячы на пэўны негатыў у дачыненні да грамадзянаў Беларусі, украінцы ўсё ж ставяцца да нас значна лепей за расіянаў, сімпатыі да якіх адчуваюць усяго 8% украінскага насельніцтва. Наяўнасць адносна вялікай групы ўкраінскага насельніцтва, якая па-ранейшаму добра ставіцца да беларусаў, можна патлумачыць актыўнасцю беларускіх эміграцыйных асяродкаў, якія аказваюць усебаковую падтрымку ЗСУ і пацярпелым ад расейскага нападу цывільным грамадзянам. Таксама пэўны ўнёсак у захаванне адносін зрабілі незалежныя беларускія медыі, якія, знаходзячыся пад прэсінгам, усё адно эфектыўна супрацьстаяць расейскай прапагандзе і даносяць украінцам інфармацыю пра факты антываеннага супраціва беларусаў. Вялікую ролю ў захаванні адносін адыгрываюць асабістыя сяброўскія і дзелавыя кантакты соцень тысяч беларусаў, якія з першых дзён вайны знаходзяцца пастаянна на сувязі са сваімі ўкраінскімі сябрамі і калегамі. Інакш кажучы, дзякуючы высілкам адэкватнай часткі беларускага грамадства мы змаглі на адзін крок спыніцца ад падзення ў бездань нянавісці паміж народамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ