Пра дэградацыю беларускай адукацыі



З набліжэннем новага навучальнага году дзяржпрапаганда ўсё часцей закранае тэмы, звязаныя з функцыянаваннем сістэмы адукацыі. У афіцыйным наратыве, калі прааналізаваць змест публікацый дзяржаўных СМІ, зрэшты, мала чаго нечаканага. Чыноўнікі ад адукацыі розных узроўняў крытыкуюць прыватныя навучальныя ўстановы, заклікаюць абітурыентаў паступаць у айчынныя ВНУ і працягваюць сцвярджаць тое, што беларуская адукацыя — найлепшая ў свеце.

За апошнія пару тыдняў некалькі топ-чыноўнікаў адзначыліся выказваннямі, якія расцягнулі на цытаты не толькі беларускія, але і замежныя СМІ. Самыя адыёзныя словы прагучалі з вуснаў функцыянераў Міністэрства адукацыі. Так, кіраўнік Мінадукацыі Ігар Карпенка на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе, калі верыць паведамленням афіцыйных выданняў, ледзьве не звінаваціў прыватныя садкі і школкі ў тым, што яны сталі “апорнымі кропкамі каляровай рэвалюцыі”. Нягледзячы на кур’ёзнасць дадзенага сцвярджэння, на якое беларускае грамадства адрэагавала гігабайтамі мемаў і жартаў, з гэтага выказвання ўсё-такі можна зрабіць пэўныя высновы. Відавочна, улада занепакоеная наяўнасцю любых альтэрнатываў дзяржаўнай сістэме адукацыі. Больш за тое, чыноўнікі бачаць небяспеку ў тым, што бацькі, спрабуючы абмінуць ідэалагічную апрацоўку дзяцей, аб’ядноўваюцца ў супольнасці, якія, па сутнасці, абыходзяцца без дзяржавы ў пытанні арганізацыі навучальнага і педагагічнага працэсаў. Можна прагназаваць, што ў бліжэйшай будучыні функцыянаванне прыватных установаў, якія аказвалі да нядаўняга часу адукацыйныя паслугі, стане практычна немагчымым.

Аднак і супрацоўнікам дзяржаўных садкоў, школ і універсітэтаў расслабляцца не варта. Педагогаў чакае далейшае “закручванне гаек”, у выніку чаго беларускія школы і ўніверсітэты страцяць перспектыўных і маладых спецыялістаў, якія і так не сільна спяшаюцца ісці працаваць у дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы. Адток кваліфікаваных і матываваных кадраў безумоўна, адаб’ецца на якасці адукацыйных паслугаў, якія і без таго выклікаюць шматлікія нараканні ў сучасных беларускіх бацькоў. Можна не сумнявацца, што дэградацыя адукацыі будзе кампенсавацца паглыбленнем ідэалагізацыі навучання. Сістэма дашкольнай і сярэдняй адукацыі Беларусі, скіраваная на выхаванне лаяльных і безыніцыятыўных “шрубкоў”, выглядае асабліва архаічнай на фоне вымогаў постіндустрыяльнага свету, калі працанаймальнік перш за ўсё цэніць у працаўніку крэатыўнасць, шырокі кругагляд, ініцыятыўнасць і свабоднае мысленне.  

Закрытасць і несучаснасць айчыннай сістэмы вышэйшай адукацыі ўсё больш пераконвае многіх маладых беларусаў шукаць альтэрнатыву ў навучанні за мяжой. Штогод тэндэнцыя па павелічэнні колькасці абітурыентаў, якія выбіраюць замежныя універсітэты, не можа не хваляваць мясцовую вертыкаль. Хоць знайсці ў адкрытым доступе звесткі пра колькасць абітурыентаў, якія выбралі замежныя ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі досыць праблематычна, але раз-пораз фрагментарныя звесткі публікуюцца. Так, кіраўнічка камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Наталля Праскурава паскардзілася ў каментары дзяржаўным журналістам, што каля 815 выпускнікоў менскіх школ з’ехалі вучыцца за мяжу. На думку чыноўніцы, такая лічба сведчыць пра тое, што “вучым іх добра, а выхоўваем кепска.” То бок, паступленне ў замежны ўніверсітэт, згодна пазіцыі такіх чыноўнікаў, расцэньваецца ледзьве не як акт здрады дзяржаве. Падобнае стаўленне да грамадзянаў краіны дэманструе тое, што ўлада трактуе сістэму адукацыі выключна як інструмент для выхавання лаяльных грамадзянаў, якія павінны накіроўваць усе свае высілкі не на ўласнае развіццё і пабудову паспяховай кар’еры, а на ўмацаванне цяперашняга дзяржаўнага ладу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ