Пра дэпапуляцыю Беларусі



Улады Беларусі, нягледзячы на пераможную рыторыку, вельмі занепакоеныя масавым ад’ездам беларусаў з краіны. Калі ў 2020 і 2021 гадах прапагандысты здзекліва пісалі пра “беглых”, то ў апошнія месяцы танальнасць выказванняў мяняецца. У асноўным у праўладных СМІ гавораць пра праблему эміграцыі агрэсіўна альбо прапаноўваюць “небанальныя” рашэнні праблемы кшталту надання грамадзянства жыхарам постсавецкіх краін па спрошчанай працэдуры. У любым разе ігнараваць праблему рэжым надалей не можа. Услед за ад’ездам сотняў тысяч маладых і працаздольных беларусаў прасядаюць цэлыя галіны гаспадаркі. І, што яшчэ больш важна, краіна стаіць на парозе сур’ёзнага дэмаграфічнага крызіса. Ад’езд беларусаў з краіны — гэта комплексная праблема, вынікі якой неўзабаве адчуюць усе слаі насельніцтва.

Афіцыйныя ўлады са зразумелых прычынаў не называюць рэальныя лічбы эмігрантаў, паколькі масавыя ўцёкі беларусаў развенчваюць міф пра “краіну для жыцця”. Працаздольныя і кваліфікаваныя беларусы, апынуўшыся ў сітуацыі прававога дэфолту і ўбачышы перспектывы пераўтварэння краіны ў Паўночную Карэю, абралі шлях найменшага супраціву: эміграцыю. Балазе некаторыя суседнія дзяржавы, якія вельмі дынамічна развіваюцца, з задавальненнем прымаюць беларускіх спецыялістаў. Еўрастат падае вельмі несуцяшальную для рэжыму статыстыку, згодна якой за 2020-2021 гады толькі краіны ЕЗ выдалі больш за 200 тысяч відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі. Калі дакладней, у 2020 годзе першы від на жыхарства ў ЕЗ атрымалі каля 63 тысяч беларусаў. У наступным, 2021 годзе, ВНЖ выдалі амаль 150 тысячам грамадзянаў РБ. Няцяжка прагназаваць, што з пачаткам вайны ў 2022 годзе міграцыйныя працэсы толькі паскорыліся. А калі ўлічыць, што дзясяткі тысяч беларусаў абралі іншыя краіны для пражывання (Грузію, Узбекістан, Арменію, Казахстан і гэтак далей), то перспектывы дэпапуляцыі Беларусі становяцца вельмі рэальнымі. Цікава, што каля 50% грамадзян РБ атрымалі ВНЖ у ЕЗ для работы. Адпаведна, руйнуецца яшчэ адзін міф дзяржпрапагандыстаў адносна таго, што беларусаў не чакаюць. Яшчэ як чакаюць, калі гаворка ідзе пра маладых і кваліфікаваных.

На фоне адтоку сотняў тысяч беларусаў з краіны ўлады РБ вырашылі выскарацца з дэмаграфічнае яміны з дапамогай жыхароў постсавецкіх краін, якім могуць прадаставіць ВНЖ па спрошчанай працэдуры. У асноўным гаворка ідзе пра грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі з расейскімі альбо беларускімі каранямі, якія за 30 год так і не змаглі інтэгравацца ў свае грамадствы. Такім чынам, узамен самай крэатыўнай і перспектыўнай часткі беларускага народу ёсць намер запрасіць аўтсайдараў без выразнай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ