Пра дрэйф Беларусі ў бок Масквы
Пасля распаду СССР у 1991 годзе новапаўсталыя дзяржавы Усходняй Еўропы былі вымушаныя не толькі займацца выжываннем на фоне глыбокага гаспадарчага крызіса, але і вызначацца з прыярытэтамі знешняй палітыкі. Краіны Балтыі, у адрозненне ад Украіны, Малдовы і Беларусі, мэтаскіравана абралі курс на еўраатлантычную інтэграцыю. Нягледзячы на зубны скрыгат у Крамлі, які ў пачатку 1990-х гадоў практычна не меў рэсурсаў на тое, каб значна ўплываць на ўнутраную палітыку ў Латвіі, Літве і Эстоніі, гэтыя тры дзяржавы рашуча адрэзалі пупавіну ад СССР. У далейшым яны сталі паўнавартаснымі сябрамі ЕЗ, НАТО, забяспечыўшы сабе няўхільны эканамічны рост і абараніўшыся парасонам бяспекі Захаду. Украіна і Малдова, хоць перажываюць перыяды, калі да ўлады прыходзяць прарасейскія рэакцыянеры, крок за крокам набліжаюцца да стандартаў ЕЗ. Што праўда, у абодвух выпадках жаданне стаць часткай свабоднага свету каштавалі Украіне і Малдове тэрытарыяльных стратаў, замарожаных ваенных канфліктаў і пастаяннага ціску з боку Масквы.
У адрозненне ад Украіны і Малдовы, Беларусь на афіцыйным узроўні ніколі не вылучалася вялікім імпэтам да еўраатлантычнай інтэграцыі. З прыходам да ўлады прарасейскага аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі, які забяспечыў сваё палітычнае доўгажыхарства падтрымкай РФ, адносіны па лініі ЕЗ-Беларусь абмяжоўваліся ў асноўным эканамічным узаемадзеяннем. Паколькі знешняя палітыка Беларусі да 2008 года праходзіла ў фарватары Крамля, ніхто на Захадзе ўсур’ёз не ўспрымаў геапалітычную суб’ектнасць нашай краіны.
І вось у 2008 годзе, які стаў паваротным у дачыненнях Масквы і калектыўнага Захаду па прычыне пачатку рэваншысцкай палітыкі РФ на постсавецкай тэрыторыі, ЕЗ запусціў у адказ праграму “Усходняе партнёрства”. Гэтая праграма распрацоўвалася па аналогіі з палітыкай добрасуседства аб’яднанай Еўропы з дзяржавамі-суседзямі ЕЗ у рэгіёне Міжземнамор’я. Па сутнасці, нічога рэвалюцыйнага гэтая праграма, акрамя інвестыцыйных бонусаў, для сябраў-удзельнікаў не несла. Для постсавецкіх дзяржаваў, аднак, удзел ва УП дазваляў выбудоўваць больш-менш збалансаваную знешнюю палітыку, што яўна не падабалася Крамлю.
Да апошняга часу Беларусь карысталася шэрагам магчымасцей УП. За гады дзеяння праграмы, паводле розных ацэнак, ЕЗ выдаткавала на разнастайныя праекты ў Беларусі сотні мільёнаў еўра. Яшчэ зусім нядаўна, у 2019 годзе, калі адзначалася 10-годдзе гэтай праграмы, беларускую афіцыйную дэлегацыю ўзначаліў міністр Уладзімір Макей, які ў афіцыйным прэс-рэлізе не стрымліваў сябе ў кампліментах праграме і выказваўся пра перспектывы развіцця беларуска-еўрапейскіх стасункаў. Але рыторыка міністра змянілася ў 2021 годзе, пасля ўхвалення некалькіх пакетаў еўрапейскіх санкцый у дачыненні да афіцыйных уладаў Беларусі. Не маючы моцных інструментаў ціску на ЕЗ, улады Беларусі чарговы раз зрабілі самастрэл. Прыпыняючы ўдзел ва УП, афіцыйны Менск не пакідае сабе аргументаў у перамовах з Масквой, пазбаўляе сябе дадатковых сродкаў і інавацый.