Пра дзіўнаваты фармат звароту Лукашэнкі
Кіраўнік дзяржавы выступіў са зваротам перад дэпутатамі так званага парламенту, сілавікамі, праўладнымі прапагандыстамі. Варта акцэнтаваць увагу на экстранным характары зварота, які прайшоў фактычна ў паўзакрытым рэжыме. Пра змест асноўных паведамленняў Аляксандра Лукашэнкі грамадскасць магла дазнацца, толькі прачытаўшы тэксты анлайн-трансляцый на дзяржаўных інфармацыйных сайтах. Адсутнасць на сустрэчы незалежных журналістаў, як і адмова ад прамой відэатрансляцыі, сведчаць пра тое, што гэтае мерапрыемства праводзілася зусім не для шырокай аўдыторыі, якой з’яўляецца беларускі народ.
Дзіўнаваты фармат звароту, які не мае мэты максімальнага распаўсюда інфармацыі, стаў падставай для шматлікіх жартаў з боку інтэрнаўтаў, якія зазначылі, што адсутнасць анлайн-стрыму абумоўленая, відаць, абмежаваннямі новага закону аб СМІ. А калі сур’ёзна, менавіта нежаданне ўлады інфармаваць максімальна вялікую колькасць людзей як бы падказвае, для чаго насамрэч праводзілася сустрэча. Выглядае на тое, што асноўнай мэтавай аўдыторыяй былі не столькі грамадзяне Беларусі, колькі прадстаўнікі вертыкалі, якія, хутчэй за ўсё, адчуваюць няўпэўненасць у звязку з падзеямі апошніх месяцаў. Выступ кіраўніка падобны на спробу мабілізацыі сваіх прыхільнікаў, якім трэба давесці, што “перамога не за гарамі”, “вораг будзе разбіты” і ўвогуле “няма падставаў для панікі”. Насамрэч такія звароты пакідаюць адваротнае ўражанне і даюць падставы меркаваць, што нават сярод набліжаных да персоны кіраўніка людзей энтузіязму малавата.
Акрамя мабілізацыйнага значэння, якое, відавочна, меў апошні зварот, заўважна, што Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выказваннях усяляк імкнуўся запэўніць Маскву ў адданасці інтэграцыйнаму праекту. Больш за тое, ён даводзіў, што драматычныя падзеі 2020 года – гэта магчымая рэпетыцыя будучых хваляванняў у РФ. Адпаведна, імкнуўся паказаць, што Беларусь – гэта надзейны саюзнік у супрацьстаянні падступнаму Захаду. Такія заявы, зрэшты, зразумелыя, калі ўлічыць, што ў бліжэйшы час адбудзецца сустрэча кіраўніка Беларусі са сваім расейскім калегам.
Агульнае ўражанне ад прамовы Аляксандра Лукашэнкі надзвычай сумнае. У яго выказваннях няма нават намёкаў пра жаданне пачуць апанентаў і рабіць хоць штосьці для дэклараванага ім шматкроць “народнага адзінства”.