Пра дзіўны бязвіз і новых беларусаў
15 красавіка ўлады Беларусі пайшлі на нечаканы крок. Кіраўніцтва краіны ўхваліла бязвізавы рэжым для жыхароў Літвы і Латвіі. Праз месяц пасля дзеяння спрошчанага візавага рэжыму ўлады адсправаздачыліся, што, маўляў, больш за 35 тысяч літоўцаў і латышоў скарысталіся магчымасцю з’ездзіць у Беларусь. У далейшым прапагандысты выкарысталі факт прыезду замежнікаў у Беларусь як доказ эфектыўнасці беларускай гаспадарчай мадэлі (глядзіце, маўляў, як кепска жывецца на гнілым Захадзе, што масава сюды ездзяць). Пазней у некалькіх праўладных тг-каналах раптам агучылася ідэя наконт таго, што было б няблага ўнесці змены ў міграцыйнае заканадаўства, каб спрасціць працэдуры атрымання грамадзянства для жыхароў краін Балтыі. Дзеля дэманстрацыі запатрабаванасці ідэі нават галасаванне запусцілі, у якім прынялі ўдзел, праўда, некалькі тысяч чалавек са спецыфічнай публікі адыёзных рэсурсаў. У звязку з дадзенай ініцыятывай паўстае пытанне, чаму ўлады раптам адчынілі дзверы для жыхароў Балтыі і для чаго яны зандуюць глебу аб змяненні міграцыйнага заканадаўства? Адказы на гэтыя пытанні досыць відавочныя і паказваюць насамрэч, што кіраўніцтва дзяржавы заклапочанае сітуацыяй масавай эміграцыі з краіны.
Імкненне прывабіць людзей з літоўскімі і латышскімі пашпартамі ў Беларусь абумоўлена як меркантыльнымі, так і прапагандысцкімі задачамі. Дзяржава імкнецца хоць нейкім чынам кампенсаваць страты ад заходніх санкцый за кошт прыезду грамадзян краін ЕЗ, якія могуць набываць тавары ў беларускіх крамах і запраўляць бензабакі сваіх аўтамабіляў палівам беларускай вытворчасці. Зразумела, што сярод мільёнаў грамадзянаў Літвы і Латвіі знойдзецца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якія будуць не супраць зарабіць на розніцы коштаў. На гэта і робіцца разлік. З іншага боку, факт прыезду грамадзян ЕЗ выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда, якая даводзіць унутранай аўдыторыі, што “няшчасныя і бедныя еўрапейцы вымушаныя ехаць у Беларусь, каб набыць соль і муку”.
Аднак камусьці ва ўладзе паказалася, відаць, недастатковым арганізоўваць шоп-туры для жыхароў некаторых суседніх краінаў ЕЗ. І вось на праўладных пабліках з’явілася ідэя аб спрошчанай працэдуры прадастаўлення грамадзянства жыхарам балтыйскіх дзяржаваў. Нешта падказвае, што хтосьці на нейкай нарадзе заклапаціўся працэсам масавага ад’езду беларускага насельніцтва, якое з 2020 году ўцякае з краіны ва ўсе бакі свету. Сама па сабе тэндэнцыя ад’езду незадаволеных рэжымам грамадзянаў не асабліва бы палохала ўладу, каб не негатыўныя эканамічныя наступствы. Выглядае на тое, што ўлады, не маючы магчымасці спыніць эміграцыйную плынь, усур’ёз разглядаюць варыянты з прыцягненнем прарасейскага насельніцтва з Літвы і Латвіі. Але прыхільнікі такога падыходу не надта разумеюць грамадскія працэсы ў былых прыбалтыйскіх дзяржавах, якія цягам 30 год не толькі інтэгравалі свае гаспадаркі з агульным еўрапейскім рынкам, але цалкам памянялі каштоўнасныя арыенціры ў насельніцтва, у тым ліку этнічных рускіх. Адпаведна, чакаць вялікага ажыятажу ў чарзе па беларускі пашпарт не выпадае. Хіба што над гэтай прапановай задумаюцца пару дзясяткаў расейскіх пенсіянераў з Латвіі, якія, хоць і жывуць траціну стагоддзя ў незалежнай краіне, так і не вывучылі мову тытульнай нацыі і глядзяць па-ранейшаму расейскі тэлевізар. Сярод моладзі, нават з расейскімі каранямі, перспектыва абмяняць свабодную і заможную будучыню на працаўладкаванне ў аграгарадку наўрад ці выглядае выклікае энтузіязм.