Пра фальстарт Мядзведзева



У верыфікаваным акаўнце экс-прэзідэнта РФ і цяперашняга намесніка старшыні Рады Бяспекі Дзмітрыя Мядзведзева з’явіўся тэкст, які можна расцэньваць як прамую пагрозу дзяржаўнасці Казахстана і Грузіі. Нават больш таго: у паведамленні сцвярджалася пра тое, што не за гарамі аднаўленне СССР. Аднак тая скандальная публікацыя правісела на старонцы Дзмітрыя Мядзведзева ўсяго каля 10 хвілін. Пасля гэтага ў Радзе Бяспекі заявілі, што акаўнт быў узламаны невядомымі. Дзмітрый Мядзведзеў – не апошні ў крамлёўскай іерархіі чыноўнік. Цягам некалькіх год ён увогуле па дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным узначальваў РФ. Потым, праўда, не без шкадавання, як сведчаць набліжаныя да кіраўніцтва РФ людзі, саступіў сваё месца патрону. Некаторыя расейскія публіцысты маюць звычку акцэнтаваць увагу на нібыта ліберальных поглядах Дзмітрыя Мядзведзева, што, аднак, мае мала супольнага з рэчаіснасцю. Часцяком лібералізм у нашых шыротах блытаюць з любоўю да найноўшых тэхналогій і гатовасцю да камунікацыі ў сацыяльных сетках. Але факты сведчаць упарта пра тое, што пры Мядзведзеве не адбылося істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў РФ. Больш за тое, менавіта гэты чалавек у 2008 годзе развязаў вайну ў Грузіі. І цяпер, на фоне агрэсіі РФ супраць Украіны, Дзмітрый Мядзведзеў агучвае радыкальныя сцэнары пераўладкавання постсавецкай прасторы і выглядае нават на фоне Уладзіміра Пуціна ястрабам. За апошнія месяцы ў сваіх сацсетках ён неаднойчы пагражаў ЕЗ, ЗША, Польшчы, краінам Балтыі, Украіне, каўказскім рэспублікам. І дыпламатычных выразаў у сваіх допісах ён асабліва не падбіраў, таму, калі з’явіўся новы тэкст пра аднаўленне расейскай імперыі, ніхто асабліва не засумняваўся ў аўтарстве Мядзведзева. І нават афіцыйная заява пра ўзлом акаўнта ў ВК толькі дадала ўпэўненасці, што нешта ва ўсёй гэтай гісторыі з публікацыяй скандальнага допісу не так. У допісе, апублікаваным на акаўнце Дзмітрыя Мядзведзева ў ВК, прамым тэкстам ідзе гаворка пра штучна створаныя дзяржавы Казахстан і Грузію, а таксама пра тое, што “памылка пачатку 1990-х будзе выпраўленая, ніякіх парадаў суверэнітэтаў не будзе”. Версія пра ўзлом акаўнту сумнеўная, паколькі, як ужо вышэй адзначалася, гэты пост па танальнасці і змесце не асабліва адрозніваецца ад ранейшых нацыяналістычных допісаў Мядзведзева. Каб, скажам, на старонцы высокапастаўленага расейскага чыноўніка з’явілася паведамленне пра асуджэнне расейскага імперыялізму з прабачэннямі на адрас Кіева, то тут можна было б выказаць здагадку пра хакерскую атаку. Аднак у выпадку з Мядзведзевым апошні допіс адрозніваецца хіба што заўчасным раскрыццём планаў. Што ў Пуціна ў галаве, то ў Мядзведзева на языку. Не выключана таксама, што Дзмітрый Мядзведзеў на фоне правальнай ваеннай кампаніі Уладзіміра Пуціна вырашыў сабе забяспечыць месца ў будучай расейскай палітыцы. Цалкам магчыма, што неўзабаве да цяперашняга кіраўніка РФ і ягонага атачэння, якое дапусціла шэраг тактычных і стратэгічных памылак у дачыненні да Украіны, у радыкальнай часткі расейскіх эліт узнікне многа пытанняў. І, адпаведна, агрэсіўная пазіцыя Мядзведзева – гэта спроба адхрысціцца ад няўдачніка і заяўка на лідарства. У такім разе знікненне допісу пра аднаўленне СССР можна патлумачыць нервовай рэакцыяй Крамля на актывізацыю канкурэнта, які дапусціў несвоечасовае раскрыццё сапраўдных планаў на аднаўленне імперыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ