Пра фатальныя памылкі ўлады, якія прывялі да падзення рэйтынгу



Украінская сацыялагічная служба “Рэйтынг” правяла агульнанацыянальнае даследаванне “Ацэнка асобных пытанняў міжнароднай палітыкі”, згодна якому Аляксандр Лукашэнка страціў сімпатыі ўкраінцаў. Апытанне праводзілася ў пачатку верасня гэтага году сярод жыхароў Украіны розных рэгіёнаў. У пытанні “Як вы ставіцеся да сусветных лідараў” лідуюць кіраўнікі дэмакратычных дзяржаваў Захаду на чале з Ангелай Меркель, Джо Байдэнам і Эмануэлем Макронам. Пазітыўна ацанілі дзейнасць нямецкай канцлеркі 73% украінцаў. Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, для параўнання, набраў 54% падтрымкі грамадзян Украіны. А вось узначаліў антырэйтынг гаспадар Крамля Уладзімір Пуцін, высілкі якога не прыйшліся да спадобы 80% украінскіх рэспандэнтаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі верыць дадзеным даследавання службы “Рэйтынг”, мае надзвычай мала прыхільнікаў ва Украіне. Сумарна ягоную дзейнасць пазітыўна ацэньваюць 34% рэспандэнтаў, у той час як негатыўна да яго ставяцца 59% апытаных. Ці адпавядаюць гэтыя лічбы праўдзе? І што паўплывала на катастрафічнае падзенне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі ва Украіне, улічваючы, што гэтая сацыялагічная служба яшчэ ў 2018-2019 гг. фіксавала рэкордныя лічбы падтрымкі кіраўніка Беларусі сярод украінскіх грамадзянаў. Пару год назад ягоны рэйтынг ва Украіне дасягаў амаль 70%, што перавышала сімпатыі дзейным палітыкам у самой Украіне.

Раней Аляксандр Лукашэнка сапраўды меў шалёную падтрымку сярод украінцаў. Для пераканання ў гэтым не трэба нават было праводзіць складаныя сацыялагічныя даследаванні. Дастаткова было паразмаўляць з украінцамі на рынку, у грамадскім транспарце, у кавярні, на пляжы, на Усходзе ці нават у “бандэраўскім” Львове. Так атрымалася, што ў аснове невытлумачальнай любові суседзяў да беларускага аўтарытарнага кіраўніка супалі некалькі момантаў. Па-першае, украінцы традыцыйна добра ставяцца ў асноўнай масе да беларусаў, а чалавек з характэрнымі для беларуса вусамі не можа не падабацца апрыёры. Па-другое, жыхароў Украіны часта скарала рэнамэ Аляксандра Лукашэнкі як моцнага гаспадарніка. Яны мала звярталі ўвагу на ўнутрыбеларускія разборкі, затое шчыра захапляліся добрымі дарогамі, сельскай гаспадаркай і захаванымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Па-трэцяе, уменне кіраўніка Беларусі дзесяцігоддзямі выбіваць з Крамля сродкі, пры гэтым захоўваючы рэзкасць у стасунках з Масквой, падабалася нават украінскім нацыяналістам. І гэтыя суб’ектыўныя высновы пацвярджаліся штогод сацыялогіяй, што вельмі падабалася беларускаму аўтакрату. Ён любіў даваць інтэрв’ю ўкраінскім журналістам і з задавальненнем, калі запрашалі, ездзіў ва Украіну. Аднак пасля 2019 года, як сведчаць сацыялагічныя раскладкі, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ва Украіне няўхільна ішоў уніз, дайшоўшы да крытычнага ў 2021 годдзе.

Пачатак пералому ва ўспрыманні асобы кіраўніка Беларусі ва Украіне супадае з актывізацыяй беларускіх пратэстаў супраць падпісання дарожных картаў інтэграцыі з Расеяй у канцы 2019-пачатку 2020 гг. Хоць тады акцыі пратэсту не мелі настолькі масавага характару, як у жніўні 2020 года, але медыйная прастора перадавала нервовае напружанне, якое ахапіла беларускую нацыю, што адчула і ўкраінская аўдыторыя. У татальнай залежнасці ўлады Беларусі ад Масквы крыецца першая прычына расчаравання ўкраінцаў. Другой прычынай, якая паўплывала на фармаванне негатыўнага ўспрымання кіраўніка Беларусі, маглі быць драматычныя падзеі пасля так званых выбараў 2020 года. Украінцы, як і беларусы, абурыліся жорсткасцю дзеянняў улады, якая не надта азіралася на закон і справядлівасць. Ва ўмовах, калі жыццё чалавека нічога не каштуе, навошта заводы, добрыя дарогі і калгасы? Адпаведна, памылка ўлады, якая зрабіла стаўку на гвалт, згуляла з кіраўніцтвам Беларусі злы жарт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ