Пра “гаспадара ў галаве”



Сорам – пачуццё індывідуальнае, хаця часам бывае няёмка за прадстаўнікоў сваёй сацыяльнай групы, жыхароў аднаго з табой горада ці нават нацыі. У Польшчы і Беларусі стаў папулярным відэаролік, на якім зафіксавана, як з акна мікрааўтобуса з беларускімі нумарамі вылятаюць некалькі пакетаў смецця прама на ўзбочыну. Такія паводзіны суайчыннікаў не сталі цярпець палякі. Адзін хлопец прымусіў беларусаў прыбраць за сабой, а іншы абняславіў недарэкаў на ўвесь свет. Мяркуючы па ўсім, справа віртуальнай ганьбай не абмяжуецца. Паводле польскага заканадаўства, беларускія турысты-смеццявозы могуць заплаціць штраф да 100 беларускіх рублёў.

Зрэшты, выкіданне смецця ў акно – гэта не рыса цэлага народа. У Беларусі дастаткова шмат прыстойных людзей, якія стараюцца зрабіць свет вакол сябе лепшым і чысцейшым. Але тэндэнцыя, як той казаў, навідавоку. Наплявальніцкае стаўленне да навакольнага асяроддзя – якраз прыкмета таго, што ў многіх суайчыннікаў зусім няма жадання адказваць за свае ўчынкі. Гэта выяўляецца і ў абыякавасці да прыроды, і да пазбягання адказнасці за палітычную будучыню краіны. Чаканне “моцнай рукі” і неахайнасць – звёны з аднаго ланцуга. Прайшла зіма – у вадаёмах краіны плаваюць цэлыя выспы смецця з пластыка. Сёй-той абураецца ўголас тым, што ўлады не наводзяць парадак. А нехта нават скардзіцца: “Няма, маўляў, гаспадара!”. Той, хто адказны за свае паводзіны, не мае патрэбы ў гаспадары. А вось той, хто выкідае смецце праз акно аўтамабіля, – без яго дакладна не абыдзецца. Раб, які не хоча станавіцца вольным, заслугоўвае падвойнага рабства. І штрафу ў 200 злотых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ