Пра геапалітычны шпагат Расеі



Расейскія танкісты здзейснілі марш на афгана-таджыцкую мяжу. Перадыслакацыя войскаў, як вынікае з афіцыйных паведамленняў, адбываецца з ваеннай базы РФ на палігон Харб-Майдон. Паводле каментароў расейскага Мінабароны, экіпажы танкаў адпрацоўваюць заданні ў межах вайсковага вучэння з удзелам вайскоўцаў Таджыкістана і Узбекістана. Дадзеная актыўнасць – вымушаны адказ Масквы на імклівы наступ экстрэмістаў з Талібану, якія кантралююць да 70 % тэрыторыі Афганістана. І, выглядае на тое, урадавыя войскі проста не здольныя спыніць рэваншыстаў, якія ўпэўнена, населены пункт за населеным пунктам, вяртаюць уладу талібам.

Поспех ісламістаў ва Афганістане быў бы немагчымы, каб не рашэнне адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна адносна вываду амерыканскіх войскаў з гэтай краіны. Сыход амерыканскага вайсковага кантынгента з гэтай гарачай кропкі пасля 20 гадоў прысутнасці – крок, накіраваны перадусім на амерыканскага выбарца, які, хоць прагаласаваў супраць Дональда Трампа, але ў большасці выступае за працяг палітыкі неаізаляцыянізму. Цікава, што паступовы вывад вайскоўцаў блоку NATO з Афганістану паказаў, што амаль праз чвэрць стагоддзя ў гэтай краіне так і не змагла ўсталявацца легітымная ўлада, якая б дбала найперш пра дабрабыт насельніцтва, а не пра ўласныя інтарэсы. Адсутнасць падтрымкі цывільнага ўраду з боку шараговых жыхароў выяўляецца таксама ў паводзінах чыноўнікаў розных рангаў і вайскоўцаў, якія, нават не даўшы бой ісламістам, у масавым парадку ўцякаюць на тэрыторыі прыпамежных Таджыкістану, Узбекістану і Туркменістану. Некаторыя прапускныя пункты на мяжы гэтых постсавецкіх дзяржаваў з афганскага боку кантралююць байцы Талібану. Калі патэнцыйная ваенная эскалацыя ва Узбекістане і Туркменістане — унутраныя праблемы гэтых краінаў, то выклікі, звязаныя з бяспекай Таджыкістану, — непасрэдная кампетэнцыя вайсковага блока АДКБ. Зрэшты, Душанбэ ўжо звярнуўся па дапамогу ў гэты прарасейскі вайсковы саюз, але атрымаў дастаткова сціплыя гарантыі ў выглядзе абяцання матэрыяльнай дапамогі. Разам з тым, Масква не можа рабіць выгляд, што праблемы Таджыкістана ёй абыякавыя. У якасці кампенсацыі завуаляванай адмовы ў аказанні дапамогі па забеспячэнні аховы дзяржаўных межаў свайго хаўрусніка па АДКБ яны прыдумалі вайсковыя вучэнні з удзелам танкавага злучэння з 201-й вайсковай базы.

Узрастанне напружання на паўднёва-ўсходніх рубяжах РФ важнае з двух пунктаў гледжання. Па-першае, пасля немінучай перамогі Талібана Афганістан зноў пераўтворыцца ў шэрую зону, якая будзе пагражаць стабільнасці самой РФ, стане перманентнай крыніцай небяспекі (арганізатарам трафіку зброі, тэрарызму і наркатычных рэчываў). Адпаведна, Крамлю давядзецца выдзяляць шалёныя грошы на забеспячэнне аховы сваёй тэрыторыі ад замахаў ісламістаў, чаго не трэба было рабіць пры прысутнасці ў Афганістане вайсковага кантынгенту NATO. Па-другое, фактычная адмова Масквы ад тэрміновай дапамогі свайму саюзніку па блоку АДКБ паказвае штучнасць дадзенага вайсковага аб’яднання. Расейская Федэрацыя ў цяперашні момант мае сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці, выкліканыя санкцыйнай палітыкай Захаду, адчувае праблемы з пераадоленнем каронавіруснага крызісу і знясіленая ад патрэбы фінансавага падсілкавання датацыйных рэгіёнаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ