Пра гішпанскі сорам ад беларускага ўдзельніка „Еўрабачання”



Белтэлерадыёкампанія накіроўвае ад Беларусі на спеўны конкурс “Еўрабачанне 2021” дзіўнаваты гурт з Баранавічаў. Эксцэнтрычнасць прэтэндэнта ад афіцыйнай Беларусі, зрэшты, не звязаная з цудоўным горадам Баранавічы, які ў міжваенны час называлі “Чыкага Усходняй Еўропы” за імклівую ўрбанізацыю, планы на стварэнне ўласнай радыёстанцыі, інтэнсіўнае культурніцкае жыццё і кантрабандысцкую дзвіжуху. А ў паваенны час стаў важным чыгуначным вузлом. Група пад назвай “Галасы Зместа” – нешта няўцямнае як паводле сваёй трасянкавай назвы, так і праз убогую творчасць, якая не дацягвае нават да ўзроўню армейскай самадзейнасці.

Калі я ўпершыню пачуў нейкія песні гэтага, з дазволу сказаць, ансамбля, то ў мяне нездарма ўзніклі асацыяцыі з творчасцю вайсковых музыкаў. Пакорпаўшыся ў біяграфіі фронтмена гурта Дзмітрыя Бутакова, знайшоў факты ягонага вайсковага мінулага. Гэты чалавек мае адукацыю вайсковага перакладчыка, валодае кітайскай, ангельскай і польскай мовамі. У Беларусь яго занесла ў сярэдзіне 1990-х гадоў. З якой мэтай і якім чынам, невядома. Ёсць у выведніцкай лексіцы такі панятак “кансерва” – пра людзей, засланых у якую-небудзь краіну для ажыццяўлення агентурнай работы. Закансерваваныя агенты могуць чакаць загаду дзесяцігоддзямі, а да моманту ікс цалкам сабе жывуць звычайным жыццём, ходзяць у булачную, на таксі не ездзяць. Словам, не выклікаюць падазрэнняў у суседзяў. Не можам сцвярджаць з пэўнасцю пра прыналежнасць таварыша Бутакова да якой-небудзь выведкі, але ягоная актывізацыя на фоне крызісу 2020 года з мэтавым “бамбардаваннем” беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі, лідараў грамадскай думкі, высмейваннем пратэстоўцаў як бы намякаюць пра невыпадковасць праекта. Між іншым, вакаліст не асабліва хавае сваё стаўленне да Беларусі. У адным з інтэрв’ю Дзмітрый Бутакоў прама і заяўляе: “Я ўвогуле, шчыра кажучы, “савок” самы сапраўдны — дагэтуль развалу вялікай краіны не магу перажыць. Беларусь як асобная самастойная дзяржава? Мне складана гэта прыняць”. Затое яму зусім проста паехаць на конкурс “Еўрабачанне” ад краіны, якую ён не можа прыняць. Парадокс. А яшчэ больш дзіўная пазіцыя чыноўнікаў ад культуры і тэлевізійнікаў, якія ўпарта прасоўваюць сумнеўны прадукт. Калі так ужо хочацца адправіць сервільных выканаўцаў, каб уцерці “неймаверных”, хай бы ўжо ветэрана беларускай сцэны Аляксандра Саладуху ў касцюме матылька накіравалі б. Але выглядае на тое, што нават салодкі Саладуха не дацягвае да задач, якія паставілі перад сабой арганізатары гэтай спецаперацыі.

Гурт “Галасы Зместа” настолькі другасны і бесталентны, што яго творчасць не паддаецца якому-кольвек сур’ёзнаму аналізу. Ён паўстаў, відавочна, як адказ дзеячам культуры, якія асудзілі гвалт сілавікоў і ўзурпацыю ўлады. Пра гэта сведчыць арганізацыя дэбютнага канцэрту гурта на сцэне разагнанага Купалаўскага тэатра ў снежні 2020 года. Але калі самадзейнасць лабухаў з “Галасоў Зместа” ўспрымаецца ў Беларусі як адрыжка палітычнага супрацьстаяння, то ў Ратэрдаме выступ “Галасоў Зместа” выклікае шалёны рогат. Дзяржава, якая адпраўляе такіх таварышаў на міжнародны конкурс, будзе асацыявацца не з паўнавартаснай еўрапейскай краінай, а з выдуманай галівудскімі рэжысёрамі Кракозіяй, з якой нібыта паходзіў герой Тома Хэнкса з кінастужкі “Тэрмінал”. І замест аплявухі “тоўстым буржуінам” атрымаецца чарговы сеанс самалупцавання. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ