Пра Год еднасці прадстаўнікоў улады супраць Польшчы
Усё стала на свае месцы. Кіраўнік Беларусі падпісаў указ аб зацвярджэнні новага дзяржаўнага свята, якое будзе адзначацца 17 верасня. Цяпер зразумела, пра які Год еднасці вялася гаворка. Не Год еднасці ўсіх беларусаў, незалежна ад палітычных поглядаў, а Год еднасці прадстаўнікоў улады супраць Польшчы. Прынамсі, так гэтае дзяржаўнае свята будзе ўспрынята на захад ад Бугу.
Бадай у кожным горадзе на Захадзе краіны ёсць вуліца 17 верасня, якая набыла назву ў гонар вядомай падзеі 1939 года, у выніку чаго да СССР былі далучаныя этнічныя тэрыторыі Беларусі і Украіны. І хоць дзякуючы “вызваленчаму паходу” Чырвонай арміі ў складзе цяперашняй Рэспублікі Беларусь апынуліся нашыя Берасце і Гародня, Нясвіж і Глыбокае, усё роўна неяк язык не паварочваецца ўслед за прапагандыстамі спяваць пра “акт гістарычнай справядлівасці”. Сямейныя гісторыі многіх беларусаў, продкі якіх паходзяць з абшараў, што апынуліся пасля несправядлівай Рыжскай дамовы ў складзе міжваеннай Рэчы Паспалітай, прама супярэчаць афіцыйнай версіі ўсеагульнай радасці. Ёсць сама меней два моманты, якія не дазваляюць нам назваць гэтую падзею “актам гістарычнай справядлівасці”. Па-першае, і самае галоўнае, беларускі народ у той час не быў суб’ектам пераломных геапалітычных падзей. Па сутнасці, далучэнне адбывалася па той жа прыблізна схеме, якую выкарыстала Расея ў 2014 годзе адносна Крыма, калі насельніцтва паўвыспы фактычна прачнулася нечакана ў іншай краіне, чаго дагэтуль да канца не ўсвядоміла. А ўсю справу зрабілі за іх “зялёныя чалавечкі”. Па-другое, рэпрэсіі супраць грамадзянаў ІІ РП пасля 1939 года былі настолькі масавымі і крывавымі, што хутка ацвярозілі нават адданых прыхільнікаў “саветаў” з КПЗБ – той партыі, якую пасля вызвалення хутка Сталін знішчыў. А калі сюды дадаць прымусовую калектывізацыю і русіфікацыю, то адразу знікае святочны настрой.
Увядзенне новага дзяржаўнага свята, якое прымаецца яўна ў піку Варшаве, канкрэтна ў гэты момант як бы намякае на тое, што дзяржава ўсё яшчэ не пахавала планы па канструяванні такой ідэнтычнасці грамадзянаў, якая б будавалася на антыпольскасці і савецкім ідэйным падмурку. Гэта, магчыма, спрацавала б у сярэдзіне ХХ стагоддзя, але ніяк не ў рэаліях ХХІ, калі многія беларусы чытаюць пра поспехі Польшчы ў адкрытых крыніцах і пераконваюцца ў гэтым самі падчас паездак. Беларусы ў большасці сваёй успрымаюць сучасную Польшчу як паспяховы прыклад посткамуністычнай трансфармацыі. У вачах суайчыннікаў “польскае” мае знак якасці – ад адзення і абутку да рэформ. Аб’ёмы дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі, якую аказвае польскі ўрад у апошнія гады, таксама дадаюць Польшчы сімпатый у вачах беларусаў. Адпаведна, колькі б не спрабавала прапаганда раздзьмухваць вобраз ворага з нашых заходніх суседзяў, нічога з гэтага не выйдзе. А “свята” наўрад ці стане народным. Зрэшты, ініцыятары пра гэта і самі здагадваюцца, бо нават не зрабілі 17 верасня выходным днём.