Пра ідэалагізацыю навучальнага працэсу



Напярэдадні 1 верасня, Дня ведаў, увага грамадства традыцыйна канцэнтруецца на сістэме адукацыі. Некаторыя навіны, скажам прама, не асабліва натхняюць бацькоў школьнікаў. Напрыклад, рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі прагляд прамовы кіраўніка дзяржавы пра “неабходнасць зберажэння народнай еднасці” для вучняў 5-9 класаў. Першакласнікам, дзякуй Богу, такое відэа ставіць не будуць, але прапаноўваюць іншы займальны занятак. Як вынікае з план-канспекту першага ўроку ў школах, апублікаванага некалькі дзён таму на старонцы Нацыянальнага адукацыйнага парталу, маленькім вучням будзе дадзена заданне скласці з літар на выбар некалькі словаў, у тым ліку слова “прэзідэнт”. У метадычным дапаможніку такі інавацыйны падыход тлумачыцца тым, што слова “прэзідэнт” часта сустракаецца ў Канстытуцыі.

Прачытаўшы рэкамендацыі да першага ўроку, абсалютна відавочна, што асноўнай задачай, якая ставіцца перад педагогамі, з’яўляецца прапаганда дзяржаўнай ідэалогіі, афіцыйных сімвалаў. Каб не ўрывак з беларускамоўнага верша Эдзі Агняцвет пра “краіну славы партызанскай”, можна было б уявіць, што рэкамендацыі былі распрацаваныя для якога-небудзь суб’екта Расейскай Федэрацыі, а не незалежнай Беларусі. Калі памяняць слова Беларусь у план-канспекце на які-небудзь Башкартастан і ўнесці пару правак, ніхто асабліва розніцы не заўважыць. У рэкамендацыі, праўда, гаворыцца пра тое, што дзецям трэба распавесці пра дзве дзяржаўныя мовы ў Беларусі, але асноўны акцэнт усё-такі робіцца на еднасці беларускага народу, які пражывае на пэўнай тэрыторыі і мае афіцыйныя сімвалы.

Паказальна, што беларускай мове на першым уроку, які будзе праводзіцца ў беларускіх школах, практычна не надаецца належнай увагі. І гэта не выпадковасць, а тэндэнцыя некалькіх дзесяцігоддзяў. Статыстыка паказвае, што сітуацыя з навучаннем школьнікаў на роднай мове працягвае заставацца крытычнай. Так, у сталіцы, напрыклад, каля 4 тысяч школьнікаў вучацца ў школах і класах з беларускай мовай навучання. 4 тысячы вучняў на 2-мільённы мегаполіс – гэта смеху вартая лічба. У працэнтах, калі суаднесці з агульнай колькасцю вучняў агульнаадукацыйных школ, не дацягвае да статыстычнай пагрэшнасці ў 3%. І трэба разумець, што школы і класы з беларускамоўным навучаннем у Беларусі – гэта, за рэдкім выняткам, імітацыя паўнавартаснага навучальнага працэсу на роднай мове. Добра, калі на практыцы адміністрацыі навучальных установаў хаця б прыхільна ставяцца да беларускамоўных вучняў, не кажучы пра абсалютнае пагружэнне ў стыхію роднай мовы. Такім чынам, дэклараванне дзяржавы пра курс на ўмацаванне патрыятызму – гэта фікцыя. Асноўная мэта – культываванне ў светапоглядзе дзяцей з самых першых гадоў навучання ў школе лаяльнасці да цяперашняга палітычнага рэжыму.

Распрацоўшчыкі плана-канспекта для першага ўроку вынеслі ў пачатак сваёй метадычнай напрацоўкі сцвярджэнне пра тое, што “адзінства беларускага народу – аснова незалежнасці краіны”. З такім тэзісам спрачацца складана, калі ў аснове гэтай еднасці ляжаць не прапагандысцкія штампы, а гонар грамадзянаў за сваю краіну, дабрабыт і родная мова як неад’емны складнік ідэнтычнасці сучаснай еўрапейскай нацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ