Пра імаверныя прычыны прызначэння Грызлова паслом у Беларусі



За тры апошнія гады Крэмль чацвёрты раз мяняе свайго пасла ў Беларусі. Некаторыя сыходзілі са скандалам, бразгнуўшы дзвярыма. Хтосьці ў крызісны перыяд выканаў сваю функцыю. А нехта перадаваў эстафету пераемніку без асаблівага шуму. Але ясна адно. Кадравая чахарда з расейскімі пасламі ў Беларусі сведчыць сама меней пра два моманты. Па-першае, беларускі напрамак, без усялякага сумневу, з’яўляецца для Масквы надзвычай прыярытэтным. Адпаведна, на пасаду пасла прызначаюцца статусныя і дасведчаныя людзі. Па-другое, у Менску расейскім амбасадарам, незалежна ад іх набліжанасці да Уладзіміра Пуціна і ступені ўплыву на прыняцце рашэнняў у Крамлі, працуецца вельмі няпроста.

Каб зразумець логіку прызначэння Барыса Грызлова на пасаду пасла ў Менску, немагчыма абмінуць увагай працу ягоных некаторых папярэднікаў. У 2018 годзе прадстаўляў інтарэсы РФ у Беларусі кадравы вайсковец Міхаіл Бабіч, задачай якога, гледзячы па ўсім, было паскарэнне інтэграцыі Беларусі і Расеі. Ён настолькі зацята заняўся справай, што выклікаў нават гнеў афіцыйнага Менску, які не дапускае тут аніякай несанкцыянаванай палітычнай актыўнасці. Прапрацаваўшы на пасадзе менш за год, Бабіч вярнуўся на радзіму. Прастадушнага вайскоўца замяніў спецыяліст па інфармацыйных аперацыях Дзмітрый Мезенцаў. Гэты чалавек займаўся прасоўваннем інтарэсаў Расеі ў беларускім інфармацыйным полі, імкнуўся адказваць на пытанні дыпламатычна і пазбягаў прамога сутыкнення з уладамі Беларусі. Ягоная праца супала па часе з падзеямі рэкордных пратэстаў 2020 года. Пазней Мезенцава як чалавека, што разабраўся са спецыфікай беларускага пытання, перавялі на пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы. Пасольства Расеі з сакавіка 2021 года ўзначаліў Яўгеній Лук’янаў – апантаны змагар з “заходнімі ўплывамі”, які неаднойчы выказваўся супраць украінскага Майдану і ЗША. Гэты этап у працы Лук’янава супадае з антызаходнімі дзеяннямі і рыторыкай Менска, якія дамінуюць у знешняй палітыцы Беларусі ўвесь 2021 год.

І вось, напрыканцы 2021-га, стала вядома, што ў Менск едзе блізкі прыяцель Уладзіміра Пуціна, палітычны цяжкавагавік Барыс Грызлоў. З ягоных біяграфічных дадзеных вынікае, што ў бліжэйшыя месяцы кіраваць дыпламатычнай пляцоўкай будзе чалавек, які мае рашучасць і паўнамоцтвы прымаць рашэнні на месцы, сыходзячы з бягучай сітуацыі. Улічваючы ягоную адданасць Пуціну, няма ніякіх сумневаў у тым, што ён будзе жорстка абараняць расейскія інтарэсы ўнутры Беларусі. Акрамя гэтага, не можа не трывожыць папярэдняе месца працы расейскага чыноўніка — да нядаўняга часу ён быў Упаўнаважаным прадстаўніком прэзідэнта РФ у кантактнай групе па Украіне. З гэтага вынікае, што ягонае прызначэнне можа быць звязанае з далейшым абвастрэннем расейска-ўкраінскіх дачыненняў. У разе эскалацыі Крамлю патрэбная прадказальнасць паводзінаў “беларускага саюзніка”, што, відаць, і будзе забяспечваць Барыс Грызлоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ