Пра імітацыю працы з беларусамі замежжа



Прапагандысцкае выданне “Мінская праўда” зноў адзначылася. З нагоды прамінулага Дня народнага адзінства апублікавалі матэрыял з заклікам увесці “карту беларуса” ў адказ на “несяброўскія” дзеянні Польшчы. Прапанова аб увядзенні “карты беларуса” — гэта, відавочна, развіццё тэзісаў генпракурора Андрэя Шведа, які некалькімі днямі раней назваў выдачу грамадзянам Беларусі “карты паляка” элементам падрыўной працы супраць нашай дзяржаўнасці. На думку прапагандыстаў, сіметрычны адказ у выглядзе “карты суайчынніка” для этнічных Беларусаў таго ж Падляшша быў бы вельмі эфектыўны. У падобных публікацыях, калі яшчэ ўлічыць іх ілюстраванне непаліткарэктнымі карыкатурамі, пераследуецца адзіная мэта: як мага мацней укусіць афіцыйную Варшаву. Аўтары такіх артыкулаў, напісаных, дарэчы, па-расейску, а не на мове беларускай меншасці Падляшша, зусім не клапоцяцца пра аднаўленне сувязяў паміж жыхарамі “мацерыковай” Беларусі і суродзічамі, якія жывуць за кардонам. У гэтым, зрэшты, асноўнае адрозненне паміж падыходамі польскай дзяржавы, якая кіруецца нацыянальнымі інтарэсамі, і прыхільнікамі “карты беларуса” з дзяржаўных прапагандысцкіх выданняў.

Зрэшты, сама ідэя “карты беларуса” не была прыдуманая на хвалі беларуска-польскага крызісу, разнастайныя праявы якога мы назіраем у цяперашні момант. Аўтары “Мінскай праўды” “запазычылі” гэты падыход у актывістаў партыі БНФ, якія яшчэ падчас парламенцкай кампаніі 2016 года ў сваіх праграмах прапаноўвалі варыянты падтрымкі суродзічаў, якія жывуць за мяжой. Пазней ініцыятыву падхапілі прадстаўнікі праўладных колаў. У прыватнасці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі агучваў таксама прапанову адносна прыняцця мер па падтрымцы суродзічаў за мяжой. І вось, на фоне вострага міграцыйнага канфлікту, які мы назіраем у апошнія тыдні на беларуска-польскай мяжы, зноў актывізавалася тэма “карты беларуса”. Праўда, у спецыфічным кантэксце гібрыднай канфрантацыі. Сыходзячы з такога пункту гледжання, беларуская дзяржава бачыць этнічных беларусаў не як членаў супольнасці, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, а ў якасці інструмента ціску на суседнюю дзяржаву. Зразумела, такі падыход мала мае падабенстваў з той жа “картай паляка” і пазбаўлены якога-кольвек практычнага сэнсу для падляшскіх беларусаў.

Папулярнасць “карты паляка” сярод грамадзян Беларусі абумоўленая не столькі падступнымі планамі польскай улады, колькі аб’ектыўнай сітуацыяй, калі многія суайчыннікі не бачаць перспектыў жыцця ў беларускай дзяржаве. Інакш кажучы, дзясяткі тысяч нараджэнцаў Беларусі наўрад ці б кінуліся шукаць свае польскія карані ў архівах, каб родная краіна насамрэч дэманстравала гаспадарчыя поспехі і, самае галоўнае, паважала б сваіх грамадзян. Адпаведна, якія б ініцыятывы па “падтрымцы суродзічаў” не прыдумвалі цяпер прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі, але ад гэтага канкурэнтаздольнасць дзяржавы ў вачах грамадзянаў не падвысіцца. І каля польскіх кансулатаў  будуць па-ранейшаму выстройвацца чэргі “па карты паляка”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ