Пра імітацыю ўцёкаў ад персаналісцкага рэжыму



9 траўня, у афіцыйны Дзень перамогі, кіраўнік дзяржавы падпісаў Дэкрэт “Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”. У дадзеным дакуменце, калі азнаёміцца з ягоным зместам, насамрэч вядзецца гаворка не столькі пра абарону канстытуцыйнага ладу, колькі пра перадачу ўлады лаялістам у выпадку гвалтоўнай смерці першай асобы дзяржавы, тэрарыстычнага акту альбо знешняй агрэсіі.

Дзяржаўныя СМІ кінуліся тлумачыць падзею з дзвюх пазіцый. Па-першае, гаварылася пра эпахальнасць дэкрэту, які нібыта сведчыць пра тое, што нязменны правадыр не трымаецца “сінімі пальцамі” за ўладу і гатовы з лёгкасцю дэлегаваць паўнамоцтвы “калектыўнаму прэзідэнту”. Па-другое, падпісанне нарматыўнага акту ў афіцыйны Дзень перамогі над нацызмам – гэта спроба чарговы раз стварыць асацыяцыю паміж даўнішнімі нямецкімі акупантамі і цяперашнімі апанентамі рэжыму. Дэманізацыя прыхільнікаў пераменаў — абавязковы пункт афіцыйнай прапаганды, якая спрабуе апраўдаць нематывавана жорсткія і абсурдныя дзеянні сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзянаў з альтэрнатыўнымі поглядамі. Адсюль і выказванні старшынькі Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай пра тое, што яна ніколі раней не магла падумаць, што ў нашай “мірнай краіне” ўвогуле спатрэбіцца прыняцце падобнага дэкрэту. Аднак змест дэкрэту, які па сваёй сутнасці ігнаруе Канстытуцыю і рэчаіснасць, паказвае, што яго прыняцце – гэта насамрэч фармальнае дзеянне, якое ні да чаго не прывядзе.

Падпісанне дэкрэту – гэта прапагандысцкі трук, які мае адцягнуць увагу беларусаў ад глыбокага крызісу даверу паміж уладнымі інстытуцыямі і грамадствам. Кіраўніцтва краіны перакананае дагэтуль у тым, што беспрэцэдэнтныя па маштабе акцыі пратэсту, якія мелі месца ў 2020 годзе, – гэта інспіраваны звонку рух. Аднак менавіта колькасць людзей, якія былі ўцягнутыя ў пратэсты, не дазваляюць ім проста адмахнуцца ад чаканняў вялікай колькасці грамадзянаў, таму і робяцца дзеянні, якія павінны ўсыпіць іх пільнасць. Інакш кажучы, ініцыятары дэкрэту імкнуцца проста забалбатаць рэальныя праблемы стварэннем штучных актаў, рэалізаваць якія немагчыма нават пры самых фантастычных сцэнарах.

Чаму не трэба баяцца наступстваў падпісання дэкрэту? Справа ў тым, што ягоныя пункты носяць выключна гіпатэтычны характар. А сам склад нежыццядзейнага Савета бяспекі, у які ўваходзяць людзі без самастойных поглядаў і палітычнай волі, як бы падказвае адзіны варыянт развіцця падзей. Ніякая ваенная хунта пасля “гвалтоўнага сыходу” кіраўніка дзяржавы, які на сёння ўявіць проста немагчыма, не паўстане. Дадзены дэкрэт, які супярэчыць Канстытуцыі і ўнутранай кухні прыняцця палітычных рашэнняў у Беларусі, будзе адкінуты ў бок як бервяно, што ляжыць на дарозе. А новы кіраўнік, няважна якім шляхам ён ускараскаецца на вяршыню ўладнай піраміды (ці тое ў выніку дзяльбы партфеляў паміж сябрамі Саўбезу, ці тое ў выніку вулічнай рэвалюцыі) новым дэкрэтам скасуе ўсе рашэнні свайго папярэдніка, якія будуць яму замінаць. І першай перашкодай для новага кіраўніка будзе якраз той самы мёртванароджаны “калектыўны прэзідэнт”, які будзе толькі перашкаджаць прымаць аператыўныя рашэнні.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ