Пра імперскія фантомныя болі



Уладар Крамля апублікаваў артыкул, які можна назваць праграмным. Пасля ягонай знакамітай “Мюнхенскай прамовы” ў 2007 годзе, у якой фактычна на ўвесь свет было заяўлена пра адмысловую цывілізацыйную ролю Расеі, у 2008 годзе здарылася расейска-грузінская вайна, а ў 2014 годзе адбылася анексія Крыма. Тыя погляды, якія раз-пораз расейскі правадыр агучваў на разнастайных форумах, нарэшце, аформіліся ў адзін артыкул гістарычна-палітычнага зместу пад назвай “Пра гістарычнае адзінства расейцаў і ўкраінцаў”. Нам, беларусам, здавалася б, няма справы да публікацыі, у якой заяўленае абгрунтаванне еднасці двух славянскіх народаў, паколькі пра нас нібыта не вядзецца гаворкі. Але насамрэч гэты матэрыял у вялікай ступені і пра стаўленне кіраўніцтва РФ да беларускай сучаснай нацыі ў кантэксце таго, як былая метраполія ставіцца да калоній.

Рэзанансны артыкул Пуціна надрукаваны на афіцыйным сайце кіраўніка РФ. Што цікава, матэрыял пададзены адразу на двух мовах: расейскай і ўкраінскай. Аднак такі рэверанс у бок украінцаў, калі пачытаць змест артыкула, не азначае добрага стаўлення да ўкраінскага нацыянальнага праекта. Наадварот, у тэксце паўсюль адчуваецца злосць на “разбуральнікаў” трыадзінага рускага народу, якія панясуць сваё пакаранне. А дубляванне артыкула на ўкраінскай мове – гэта праява паблажлівасці, усё тая ж фанабэрыя “барына” перад прыгоннымі.

У цэлым у публікацыі практычна няма нічога новага. Гэта такая сабе рэінкарнацыя паваеннага сталінскага імперскага наратыву, у якім няма месца для нацыянальных дзяржаваў беларусаў і ўкраінцаў, у якім героямі з’яўляюцца прамаскоўскія гістарычныя постаці кшталту Багдана Хмяльніцкага, а ўсе прыхільнікі асобнага развіцця – здраднікі.

Асобнае месца ў публікацыі надаецца “рускай мове”, якую нібыта выціскаюць з побыту падступныя ўкраінскія нацыяналісты. У матэрыяле з вялікім апломбам гаворыцца пра тое, што нібыта продкі беларусаў, украінцаў і расейцаў гаварылі на адзінай старажытнарускай мове, хоць такія сцвярджэнні не знаходзяць ніякіх доказаў у сучаснай філалагічнай навуцы. А цяперашнія літаратурныя мовы (украінская і беларуская) у тэксце нават не называюцца паўнавартаснымі мовамі, а заслужылі найменне “рэгіянальных моўных асаблівасцей, говараў”. Увогуле Уладзімір Пуцін не верыць у існаванне асобных беларускай і ўкраінскай нацый, заяўляючы пра тое, што нашыя народы паўсталі ў выніку інтрыгі Аўстра-Венгрыі і Польшчы. У такіх ацэнках, зрэшты, таксама нічога новага. Гэта вельмі пазнавальны імперскі наратыў, з якога трошкі страсянулі пыл і дадалі актуальных фактаў. Галоўнае, што трэба вынесці з гэтага артыкула, – гэта адмаўленне ў праве на суб’ектнасць беларускаму і ўкраінскаму народам, імкненне даказаць, што без вялікай Расеі мы ўсе прападзем.

Па сутнасці, дадзены артыкул дэманструе інтэлектуальную нямогласць кіраўніцтва Расеі, якая не можа стварыць прываблівай альтэрнатывы для жыхароў незалежных дзяржаваў Беларусі і Украіны. Такое адчуванне, што Уладзімір Пуцін збіраўся два дзесяцігоддзі з духам, каб даць адказ другому прэзідэнту Украіны Леаніду Кучме на ягоную кнігу “Украіна – не Расея”. Замест раўнапраўных міждзяржаўных стасункаў Масква прапаноўвае беларусам і ўкраінцам статус падпарадкаванай калоніі, што ў рэаліях ХХІ стагоддзя выглядае яўным анахранізмам. Больш за тое, публікацыя Уладзіміра Пуціна, без сумневу, адлюстроўвае светапогляд яго аўтара, у якім нават няма намёку на заваёвы гуманітарных навук апошніх 70 гадоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ