Пра кадравы землятрус 



Адна з найбольш знакавых падзей апошняга часу – адстаўка нязменнай Лідзіі Ярмошынай. На яе месца прызначылі былога кіраўніка праўладнай камуністычнай партыі і экс-міністра адукацыі Ігара Карпенку. Як сам факт сыходу з пасады старшыні ЦВК ключавога чалавека, так і асоба новапрызначанага пераемніка вельмі сімвалічныя.

Лідзія Ярмошына – палітычны доўгажыхар, без якой немагчыма ўявіць цяперашнюю канструкцыю ўлады. Яна стаяла ля вытокаў стварэння палітычнага рэжыму, які канчаткова ўсталяваўся ў Беларусі ў 1996 годзе. Менавіта яна замяніла на пасадзе старшыні ЦВК Віктара Ганчара, якога выкінулі з працоўнага кабінету невядомыя ў цывільным. І з таго часу Лідзія Ярмошына агучвала афіцыйныя дадзеныя кожнай выбарчай кампаніі, заканчваючы сумнавядомымі “выбарамі” 2020 году.

Адстаўка Лідзіі Ярмошынай – гэта пераломная падзея шмат у чым, нават улічваючы тое, што яна ў некалькіх інтэрв’ю выказвалася пра тое, што хоча сысці на адпачынак. Зрэшты, вельмі сумнеўна, што такое рашэнне абумоўленае пенсійным узростам экс-старшынькі. Таксама не мае сэнсу развіваць гіпотэзу пра недастатковую лаяльнасць гэтай чыноўніцы. Яна даказала справамі і словамі цягам чвэрці стагоддзя сваю адданасць кіраўніку дзяржавы. Можна было б усё-такі дапусціць думку, што чалавек насамрэч стаміўся. І ў іншых варунках гэтага было б цалкам дастаткова для таго, каб найкаштоўнейшы кадр мог ціха сысці ў цень. Але не ва ўмовах жорсткага супрацьстаяння, градус якога не зніжаецца паўтара года. Трэба таксама дадаць тое, што так званы рэферэндум, які мае адбыцца ў лютым 2022 года не з’яўляецца падзеяй новага выбарчага цыклу. Інакш кажучы, сам рэферэндум – гэта як бы працяг тых “выбараў”, якія сталі прычынай самага глыбокага палітычнага крызісу за ўвесь перыяд існавання незалежнай беларускай дзяржавы. У гэтым кантэксце замена праверанага чалавека на іншага, якому давядзецца спасцігнуць спецыфіку правядзення выбарчай кампаніі за вельмі сціслы тэрмін, выглядае ўсё ж прыкметай наяўнасці шчылін ў маналіце ўлады.

Прызначэнне экс-міністра Ігара Карпенкі вельмі добра патлумачыла экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч. Яна выказала меркаванне, што такая ракіроўка выкліканая тым, што адбылося поўнае зліццё ЦВК з Міністэрствам адукацыі: “Раней трэба было неяк дамаўляцца ЦВК з Мінадукацыі. Цяпер — не трэба. Усё гатова. Поўная мабілізацыя сістэмы адукацыі пад рэферэндум”. Інакш кажучы, забяспечыць беспраблемнае правядзенне рэферэндуму наўрад ці хтосьці мог бы лепей, чымся міністр адукацыі, які гадамі адказваў за кадравую палітыку свайго ведамства, што, сваёй чаргой, уплывала на якасны склад выбарчых камісій. Такім чынам, улада цудоўна разумее магчымыя праблемы, якія могуць паўстаць з выбарчымі камісіямі, як тое мела месца ў асобных выпадках у 2020 годзе. І, каб пазбегнуць дэмаршу настаўнікаў, зрабіла моцны ход у гэтай шахматнай партыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ