Пра Камуністычную партыю Кітая як пагрозу дэмакратычнаму свету



У Кітаі – важная падзея дзяржаўнага маштабу. Босы тамтэйшай Кампартыі адзначаюць 100-годдзе арганізацыі, якая змяніла лёс гэтай азіяцкай імперыі. За век існавання КПК пераадолела шлях ад падпольнага гуртка інтэлігентаў лявацкай скіраванасці, якія збіраліся ў малапрыкметным дамку ў Шанхаі, да структуры з колькасцю сябраў больш за 80 мільёнаў чалавек. Калі многія сучасныя еўрапейцы ці амерыканцы разважаюць пра гаспадарчыя поспехі КНР і яе эканамічную экспансію па планеце, звычайна акцэнтуецца ўвага на надзвычайнай працаздольнасці і патрыятычнасці кітайцаў. У гэтым кантэксце гавораць таксама пра паспяховыя эканамічныя пераўтварэнні бацькі кітайскага цуда Дэн Сяапіна. Але часта за дужкамі застаецца тое, што ў Кітаі насамрэч — трывалая камуністычная дыктатура. Нягледзячы на наяўнасць соцень тысяч доларавых мільянераў, хмарачосы ў дзясятках гарадоў, развітую прамысловасць, палітычны лад у КНР – надзвычай прымітыўны, нагадвае ў нечым СССР перыяду Перабудовы. Фактычна КПК – гэта хрыбет, які трымае на сабе адначасова і дзяржаву, і грамадства.

Выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 100-годдзя Кітайскай кампартыі на вядомай плошчы Цяньаньмэнь, старшыня Сі Цзіньпін перасцярог дэмакратычны Захад ад умяшальніцтва. Кіраўнік Кітая зазначыў, што яго краіна “разаб’е галаву ў кроў аб стальную сцяну” ўсім, хто будзе павучаць. Невыпадковасць абрання для святкавання лакацыі (плошча Цяньаньмэнь, дзе ў 1989 годзе армія расстраляла мірную студэнцкую маніфестацыю) – гэта яўны сігнал усім унутраным апанентам, каб яны не спадзяваліся на літасць у выпадку выступаў супраць кіруючай ролі КПК. Агрэсіўнасць выступлення “прэзідэнта Сі” абумоўленая заходняй крытыкай брутальнай палітыкі КНР у дачыненні да нацыянальнах меншасцяў на ўскраінах імперыі, пра што ўсё часцей гавораць кіраўнікі замежных урадаў. Калі заходнія інстытуцыі даюць ацэнку правам чалавека ў правінцыях Тыбет і Сіньцзян, то часта гучаць вельмі непрыемныя для Пекіна вызначэнні кшталту “генацыд”. І на падобныя абвінавачанні кітайскім камуністам, па сутнасці, няма чым адказаць, паколькі сітуацыя ў прыгнечаных правінцыях з канцлагерамі для аўтахтонаў і татальным кантролем сапраўды нагадвае тое, што было апісана ў самых страшных антыўтопіях ХХ ст.

Да свайго юбілея КПК падышла, вядома, у іншай кандыцыі, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму. Калі раней, пры Мао Цзэдуне, асноўным складнікам палітычнага дамінавання КПК быў тэрор, то цяпер для дасягнення сваіх мэтаў кіраўнікі партыі часцей аперуюць эканамічнымі інструментамі. Як зазначае аўстралійскі сінолаг Рычард Макгрэгар у сваёй кнізе “Партыя: таямнічы свет камуністычных уладароў Кітая”, сучасная ўлада ў Кітаі намагаецца захоўваць свой уплыў збольшага спакусамі, якімі заваёўвае лаяльнасць грамадзянаў. Калі чалавек лаяльны і імкнецца з усіх сіл служыць КПК, то перад ім адкрываюцца досыць вялікія жыццёвыя перспектывы. Зрэшты, як працягвае думку даследчык, хоць цяперашнія кітайскія лідары трошкі саромеюцца выкарыстоўваць метады тэрору ў дачыненні да нязгодных, але цалкам ад гэтага падыходу не адмаўляюцца. У разе патрэбы, як паказваюць падзеі ў мяцежных рэгіёнах Тыбет, Сінцьзян і Ганконг, на гвалт Пекін дае дабро без асаблівых ваганняў.

І апошняе, стабілізаваўшы эканоміку і забяспечыўшы рост гаспадаркі ў дзясяткі разоў толькі за апошнюю чвэрць века, Кітай выказвае амбіцыі на сусветнае лідарства. І ў прамове “прэзідэнта Сі” цалкам празрыста гаворыцца пра экспарт кітайскай палітычнай мадэлі па ўсёй планеце, што з’яўляецца прамым выклікам дэмакратычнаму свету бліжэйшыя дзесяцігоддзі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ