Пра канфігурацыю лідарства



Былы рэстаратар, блогер і памочнік камандзіра добраахвотніцкага палка “Пагоня” Вадзім Пракоп’еў на берлінскім Форуме дэмакратычных сіл раскрытыкаваў штаб Ціханоўскай за “пасіўнасць”. “Можна наогул забыцца пра пасіўнасць, бездапаможнасць нашага віленскага штаба, як я забыўся яшчэ ў 2020 годзе. І зрабіць сваю гульню, сваю барацьбу. Але так не атрымаецца. Што б мы ні ладзілі, які б мы куток уласнага, пасіянарнага супраціву рэжыму ні будавалі, мы усе прыйдзем у адзін і той жа пункт. І гэты пункт будзе такі: кім вы даводзіцеся Святлане Ціханоўскай (…) Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, што ў нас няма лідарства, і ў нас ёсць адзін чалавек з мандатам», — цытуюць рэзанансную прамову Вадзім Пракоп’ева шэраг незалежных СМІ. Па сутнасці, як вынікае з ягонай прамовы, ён расчараваўся ў магчымасцях стварэння беларускага вызвольнага войска ва Украіне, што, на ягоную думку, звязана з недастаткова актыўнай пазіцыяй Святланы Ціханоўскай.

Вадзім Пракоп’еў, як бы яго ні крытыкавалі калегі па апазіцыйным цэху, — постаць, ад якой немагчыма проста так адмахнуцца. Ягоныя відэаблогі маюць сотні тысяч праглядаў, што сведчыць пра дастаткова высокі ўзровень папулярнасці гэтага чалавека. У адрозненне ад штаба Святланы Ціханоўскай, які з 2020 года цвёрда стаіць на пазіцыі неабходнасці мірнага супраціву, Вадзім Пракоп’еў з’яўляецца прыхільнікам сілавога сцэнара. Цалкам заканамерна, што ён, калі пачалася вайна ва Украіне, паспрабаваў знайсці сябе там у якасці аднаго з камандзіраў злучэнняў беларусаў. Паколькі ён не змог па нейкіх прычынах паразумецца з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, то з нуля пачаў ствараць іншае баявое падраздзяленне, якое займела назву полк “Пагоня”. Маючы вайсковую адукацыю і з’яўляючыся апалагетам сілавога сцэнару, ён крытыкуе “нерашучасць” штаба Святланы Ціханоўскай. Ці абгрунтаваны скепсіс Вадзіма Пракоп’ева? З улікам таго, што Святлана Ціханоўская з’яўляецца дэмакратычным палітыкам, якая сябе пазіцыянуе нацыянальнай лідаркай, то выслухоўваць крытыку ёсць часткай яе місіі. І гэтая крытыка, калі датычыць палітычнай дзейнасці, павінна быць адрэфлексаванай членамі яе каманды. У выпадку з прэтэнзіямі Вадзіма Пракоп’ева гаворка ідзе пра запаволеную альбо ўвогуле адсутную рэакцыю на вайну ва Украіне, якая істотна памяняла правілы гульні. Насамрэч вінаваціць Святлану Ціханоўскую ў тым, што яна ніяк не перабудавала сваю працу на фоне вайны не выпадае. Палітык рэзка памяняла рыторыку, заняла праўкраінскую пазіцыю, звярнулася некалькі разоў са зваротамі да суайчыннікаў, пачала абараняць правы беларускіх грамадзянаў за мяжой. Словам, цягне на сабе досыць вялікі аб’ём працы па абароне інтарэсаў беларусаў. І хоць яе сапраўды цяжка ўявіць у ролі Карла Манергейма ці Ўінстана Чэрчыля, але ніхто не забараняе нікому праявіць сваё сітуацыйнае лідарства ў крызіснай сітуацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ