Пра канстытуцыйную рэформу як імітацыю



Міграцыйны крызіс на мяжы ЕЗ прадказальна стаў тэмай нумар адзін у беларускіх СМІ. На фоне падзей, якія разгортваюцца на беларуска-польскім кардоне, нават пытанне будучай канстытуцыйнай рэформы адышло ў цень. Для прапаганды драма бежанцаў з Бліжняга Усходу з’яўляецца вельмі ўдзячнай тэмай, якая, з аднаго боку, дае байцам інфармацыйнага фронту магчымасць адчуць сябе ў эпіцэнтры падзей, а, з іншага, у чарговы раз ударыць па сваіх ідэалагічных апанентах. Калі ж гаварыць пра тэму, звязаную са зменамі Канстытуцыі, то тут асабліва не папрактыкуешся ў стварэнні патрэбных відэавобразаў і напісанні спекулятыўных тэкстаў.

З малазмястоўных паведамленняў афіцыйных выданняў пра будучую рэформу Канстытуцыі можна дазнацца тое, што праца Рабочай групы падышла да завяршэння. Таксама прыблізна ведаем дату правядзення галасавання — не пазней за канец лютага 2022 г. Нягледзячы на тое, што часу на вывучэнне пытанняў, якія паўплываюць на жыццё ўсяго грамадства, застаецца мала, улады ўсё адно не спяшаюцца да канца раскрываць карты. Усё ідзе да таго, што большасць грамадзянаў з правам голасу ўбачаць прапанаваныя ўладай змяненні толькі на выбарчых участках.

Разам з тым, да варажбіткі можна не хадзіць. Улада арганізоўвае рэферэндум зусім не таму, што пачула голас народу, які патрабуе ад яе новых падыходаў і дэмакратызацыі грамадскага жыцця. Кіраўніцтва дзяржавы, як і раней, імкнецца гуляць на апярэджанне, навязвае народу ініцыятыву, каб не дапусціць развіцця сітуацыі ў непажаданым для ўлады рэчышчы. Калі прыбраць гігабайты смеццевай інфармацыі, якой суправаджаецца будучая канстытуцыйная рэформа, то ў сухой рэшце мы маем імітацыю працэсу. “Новая Канстытуцыя не павінна разбураць існую ў Беларусі сістэму ўлады”, — цытуюць Аляксандра Лукашэнку афіцыйныя СМІ. І гэта ўсё, што трэба ведаць пра будучыя змяненні. Калі Усебеларускі Народны Сход сапраўды ў выніку рэферэндума набудзе статус найвышэйшага прадстаўнічага органа ўлады, фактычна падмяніўшы парламент, то ў цяперашняй сітуацыі гэта нічога не вырашыць. Бо на чале УНС будзе ўсё тая ж група людзей, якая дакладна паклапаціцца, каб лейцы кіравання не трапілі ў рукі апазіцыі.

Арганізатары рэферэндума, аднак, не перакананыя ў тым, што ён пройдзе ў атмасферы ўсеагульнай пакоры і ўхвалення. Таму і прымаюцца беспрэцэдэнтныя захады па зачыстцы грамадзянскай супольнасці і медыяпрасторы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ