Пра карысных дурняў



Святлана Ціханоўская падчас працоўнай паездкі ў Чэхію дала інтэрв’ю аднаму выданню. У межах амаль 14-хвіліннай гутаркі прагучалі розныя адказы на пытанні, звязаныя як з унутрыпалітычнай сітуацыяй у Беларусі, так і з вайной ва Украіне. Адказваючы на адно з пытанняў журналіста, беларускі палітык зазначыла тое, чаго не адмаўляюць ва ўсім свеце і што заўважылі многія ўкраінцы, якія разбіраюцца ў нюансах самаахвярнага змагання беларускага народу з дыктатурай.

Аб’ектыўныя факты такія: большасць беларусаў супраць уцягвання нашай краіны ў злачынную пуцінскую вайну, беларусы дапамагаюць Украіне як толькі могуць. Але выклікала хайп некаторых украінскіх СМІ вырваная з кантэксту фраза пра тое, што дзякуючы дзеянням мужных беларусаў шмат у чым спыніўся наступ РФ на Кіеў. Цікава, што сам факт цалкам праўкраінскага інтэрв’ю лідаркі беларускай апазіцыі застаўся як бы ў ценю, затое неасцярожнае выказванне раптам растыражавалася. А далей панеслася. Некалькі вядомых блогераў і палітыкаў абрынулі гнеў на Святлану Ціханоўскую. Лейтматыў допісаў, калі сфармуляваць карэктна, такі: “Беларусы – баязліўцы, а Ціханоўская нічога з сябе не ўяўляе”. Зразумела, гэтыя два выказванні, мякка кажучы, далёкія ад рэчаіснасці.

Калі некаторыя неабазнаныя ў беларускай рэальнасці ўкраінцы пішуць у такім рэчышчы, то іх збольшага зразумець можна. Уяўленні сярэдняга жыхара Украіны пра Беларусь прыблізна такія ж, як уяўленні сярэдняга беларуса пра жыццё ў якім-небудзь Люксембургу. Так сталася, што за апошнія дзесяцігоддзі, калі беларусы хоць нешта ведалі пра Украіну, наведваючы гэтую дзяржаву ў якасці турыстаў, то ўкраінцы па зразумелых прычынах у Беларусь ездзілі рэдка, фармавалі свае ўяўленні пра нашую краіну праз скрыўленую карцінку тэндэнцыйных СМІ.

А вось беларусафобскія паведамленні журналістаў ці палітыкаў, якія абавязаныя па службе ведаць рэальную сітуацыю ў суседняй краіне, здзіўляюць. У некаторых выпадках гэта сведчыць пра жаданне раздзьмуць на пустым месцы скандал дзеля прыцягнення трафіку да сваіх рэсурсаў. У іншых – пра глупства. Можна таксама гаварыць пра тое, што хваля хэйту ў дачыненні да Ціханоўскай мае прыкметы скаардынаванай атакі, за якой відавочныя вушы Крамля, зацікаўленага ў максімальнай дыстанцыі паміж беларусамі і ўкраінцамі.

Блогер Марына Данілюк-Ярмалаева ў сваім паведамленні пра Ціханоўскую ўмудрылася не толькі крытычна выказацца пра пражскае інтэрв’ю, але і абразіць увесь беларускі народ. Але сумнеўная вартасць яе паведамлення перакрылася канкрэтнай хлуснёй пра існаванне рынку з нарабаванымі рэчамі ўкраінцаў у беларускай Нароўлі, які нібыта меў вялікі попыт сярод мясцовых. Не адмаўляючы магчымых фактаў марадзёрства з боку арміі РФ, зазначым, што пра існаванне гэтага рынку не ведалі нават мясцовыя. Затое блогерка з Украіны чамусьці ведае.

Дэпутат Ірына Герашчанка таксама вырашыла выказацца наконт Святланы Ціханоўскай і беларусаў. Палітык абвінаваціла ўсіх беларусаў агулам у саўдзеле ў злачынстве, у адсутнасці акцый пратэсту і ў тым, што з маўклівай згоды беларускага народу ляцелі ракеты “з беларускага Мозэля”. Абвінаваціўшы Святлану Ціханоўскую ў ад’ездзе з Беларусі, Ірына Герашчанка чамусьці аднесла да тэрыторыі краіны найстарэйшы вінны рэгіён Германіі — Мозэль. Хоць бы геаграфію падвучыла шаноўная дэпутатка.

Варта зазначыць, што ўся гэтая гісторыя не вартая зломанага шэляга. І Украіна, калі зацікаўленая ў перамозе і ў далейшай бяспецы, павінна мысліць стратэгічна, а не даваць слова карысным ідыётам, якія распальваюць нянавісць паміж украінцамі і беларусамі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ