Пра касты ў Міністэрстве адукацыі



У беларускай сістэме адукацыі вымалёўваецца падзел на касты. Пакуль што не да канца выкрышталізаваліся брахманы-жрацы і кшатрыі-ваяры, але недатыкальныя дакладна ёсць звычайныя настаўнікі.

У Наваполацку начальнік тамтэйшага аддзела адукацыі падпісаў распараджэнне, згодна якому чыноўнікі з ягонага аддзела змогуць бясплатна наведваць шэраг басейнаў. А вось настаўнікі гарадскіх школ атрымаюць магчымасць паплёскацца ў вадзічцы толькі за грошы (хоць і 50% ад цаны).

Чамусьці так атрымліваецца, што клопат афіцыйных прафсаюзаў выяўляецца ў прамой залежнасці ад пасады. Чым вышэй статус, тым больш халявы. У гэтай сітуацыі асабліва не шанцуе бяспраўным педагогам. Мала таго, што іх закапалі ў папяровай справе, адпраўляюць адпрацоўваць розныя павіннасці накшталт збору бульбы, дык яшчэ і ў афіцыйнага прафсаюза не знайшлося магчымасці адправіць настаўнікаў у басейн. Затое чыноўнікам у нас зялёнае святло. Хаця, можа быць, усё выглядае зусім не так, як нам падаецца. Магчыма, настаўнікі ў Беларусі – людзі настолькі заможныя, што ў кожнага на прыватным падворку ёсць асабістыя басейны. А вось слугі народа да такой раскошы не прывучаныя, таму і прышчапляюць ім культуру здаровага ладу жыцця, як толькі могуць. Спадзяемся, наваполацкі аддзел адукацыі не будзе спыняцца ў сваім крэатыве. Чакаем цяпер бясплатных прадуктовых набораў, льготаў на праезд, медыкаменты і аздараўленне на курортах Італіі для бедных чыноўнікаў. Глядзіш, адпачнуць, аздаравяцца – і адразу будзе вялікі прарыў у нашай гаротнай сістэме адукацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ